Вы тут

Без намёкаў. Як пасля вайны ЗША дапамагалі аднаўляць Еўропу

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснымі падзеямі выпадковыя / калаж Улада Рубанава

Разбурэнні пасля вайны былі жахлівымі. Каб аднавіць стары сусвет, прыйшлося шукаць новыя рашэнні. І яны знайшліся.   

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае план Маршала — самую вядомую праграму эканамічнай дапамогі і пасляваеннага аднаўлення. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснымі падзеямі выпадковыя. Ці не. 

Праграма аднаўлення Еўропы

План Маршала афіцыйна называўся Праграмай аднаўлення Еўропы. Сваё імя ён атрымаў у гонар дзяржсакратара ЗША Джорджа Маршала, які яго і прапанаваў. Праграма прадугледжвала аказанне Еўропе дапамогі з боку ЗША на суму ў 13,3 мільярда долараў (на сёння гэта прыкладна 169,5 мільярда). Амаль 90% з гэтых грошай былі гранты і толькі астатняе — крэдыты.

План атрымаў у ЗША шырокую падтрымку адразу ад дзвюх кіраўнічых партый: як ад прэзідэнта-дэмакрата Гары Трумэна, так і ад Кангрэса, большасць якога тады складалі рэспубліканцы.

Для свайго часу план Маршала стаў рэвалюцыйным падыходам. Раней пераможцы фактычна рабавалі пераможаных пры дапамозе кантрыбуцый, што запавольвала іх аднаўленне — і такім чынам магчымасць новай патэнцыйнай атакі. Маршал жа прапанаваў іншую канцэпцыю: хуткае аднаўленне разбураных вайной краін незалежна ад боку, на якім яны ваявалі. Гэта будзе выгадна ўсім і дасць гарантыі стабільнасці новага свету. Менавіта таму план, які змяніў у 1951 годзе план Маршала, называўся ўжо Законам аб узаемнай бяспецы.

Рэалізацыя плана

Пасля вайны аднаўленне Еўропы працякала павольна. У Заходняй Еўропе ў выніку бамбардзіровак было разбурана 5 мільёнаў жылых дамоў, назбіралася 12 мільёнаў уцекачоў. Таксама была цяжкай сітуацыя з харчаваннем: з 1946 да 1948 года выраблялася толькі ⅔ даваенных аб'ёмаў прадуктаў харчавання.

Праграма аднаўлення Еўропы была распрацаваная на нарадзе з удзелам еўрапейскіх дзяржаў, і 5 чэрвеня 1947 года Маршал анансаваў яе ў сваёй знакамітай прамове ў Гарвардскім універсітэце. 3 красавіка наступнага года яе падпісаў прэзідэнт.

Дапамогу атрымалі 18 краін, прычым не толькі саюзнікі, але і нейтральныя дзяржавы, а таксама і былыя ворагі: Заходняя Германія, а пазней — і Японія. Дапамагчы прапанавалі і СССР. Пасля шасці тыдняў перамоў савецкі бок адхіліў усе амерыканскія прапановы, а таксама адмовіўся ўключыць у план Усходнюю Германію, Польшчу, Румынію... Адзінай краінай сацлагера, якая атрымала заходнюю дапамогу, стала Югаславія — дзякуючы пазіцыі Іосіпа Броз Ціта.

Змена курсу знешняй палітыкі ЗША

Як працаваў прынцып размеркавання сродкаў? Напрыклад, французскі фермер купляў трактар ​​на франкі па ўнутраным кошце, а адміністрацыя плана Маршала пасля кансультацыі з французскім урадам даплачвала розніцу. Грошы фермера ішлі на неабходныя дзяржаўныя аднаўленчыя работы. План дапамог урадам еўрапейскіх краінаў зноў перайсці ад дзяржаўнай гаспадаркі ваеннага часу да свабоднага рынку.

Акрамя таго, план Маршала садзейнічаў умацаванню становішча ЗША ў Заходняй Еўропе. Амерыканская дапамога аказвалася краінам пры выкананні шэрагу ўмоў: адмова ад нацыяналізацыі прамысловасці, захаванне свабоды прыватнага прадпрымальніцтва, заахвочванне прыватных інвестыцый, свабодны доступ амерыканскіх тавараў у гэтыя краіны і г.д.

У 1997 годзе з нагоды 50-годдзя прамовы Маршала прэзідэнт Біл Клінтан сказаў: “План Маршала змяніў не толькі характар ​​адносін Амерыкі і Еўропы, але таксама характар ​​адносін паміж еўрапейскімі краінамі. Ён заклаў падмурак інстытутаў, развіццё якіх звязала краіны Заходняй Еўропы разам. Гэта і АЭСР, і Еўрапейскі саюз, і НАТА. Ён адкрыў шлях для пераадолення шматвяковых супярэчнасцей”.

У 1953 годзе за працу па рэалізацыі плана пасляваеннага аднаўлення Еўропы Джорджу Маршалу была прысуджаная Нобелеўская прэмія міру.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.