Без намёкаў. Што рабіць з пераможаным агрэсарам?

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя / Еўрарадыё
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя / Еўрарадыё

Падзяліць і ператварыць у аграрны рэгіён — такі лёс прадугледжваўся для краіны-агрэсара.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” узгадвае “План Моргентау” для Германіі пасля яе паразы ў Другой сусветнай вайне. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя.

“План Моргентау” — праграма пасляваеннага пераўтварэння Германіі, прапанаваная міністрам фінансаў ЗША Генры Моргентау. Яна прадугледжвала раздзяленне Германіі, пераход важных прамысловых раёнаў пад міжнародны кантроль, ліквідацыю цяжкай прамысловасці, дэмілітарызацыю і ператварэнне Германіі ў аграрную краіну.

План быў прапанаваны ў верасні 1944 года на 2-й Квебекскай канферэнцыі, у якой удзельнічалі Уінстан Чэрчыль і Франклін Рузвельт.
На канферэнцыі быў падпісаны мемарандум, паводле якога Германія павінна была стаць пераважна аграрнай краінай.

Дэталі сталі вядомыя СМІ, і план падвергся вострай крытыцы ў ЗША і Брытаніі. Гэтым скарысталася міністэрства прапаганды Гебельса, які заявіў, што “габрэй Моргентау” хоча ператварыць Германію ў вялізнае бульбяное поле. Некаторыя газеты ды ўвогуле выйшлі з загалоўкам “Рузвельт і Чэрчыль пагадзіліся з габрэйскім забойчым планам”.

План у першапачатковым выглядзе быў адхілены. Аднак у пасляваеннай Германіі амерыканская адміністрацыя прыняла шэраг мер па абмежаванні эканамічнага развіцця.

Так, адміністрацыя ЗША пасля заканчэння вайны распачала на тэрыторыі Германіі наступныя дзеянні:
- дэцэнтралізацыя (знішчэнне) банкаўскай сістэмы;
- дэзінтэграцыя адзінай вытворчай сістэмы;
- дэмантаж абсталявання прамысловых прадпрыемстваў;
- забарона знешняга гандлю;
- абмежаванне імпарту, забарона вытворчасці азоту для мінеральных угнаенняў, дэмантаж і знішчэнне хімічных заводаў;
- жорсткая падатковая палітыка.

Збіраліся забараніць нямецкай моладзі атрымліваць вышэйшую адукацыю, нямецкія ВНУ закрыць, а бібліятэкі і даследчае абсталяванне падзяліць паміж Амерыкай, Англіяй і Савецкім Саюзам.

Акрамя ўсяго іншага меркаваўся масавы вываз з краіны вучоных і інжынераў, знішчэнне навукі, спыненне тэхнічнага прагрэсу з дапамогай сістэмы патэнтаў.

У справаздачах шэрагу арганізацый адзначалася, што ў выніку падобных дзеянняў узровень жыцця нямецкага насельніцтва рэзка знізіўся.

Неўзабаве Франклін Рузвельт раскрытыкаваў план, а наступны прэзідэнт ЗША Гары Трумэн яго канчаткова скасаваў. У 1947 годзе быў прыняты шмат у чым процілеглы індустрыяльны план Маршала.

***

На фоне вайны ва Украіне пра “План Моргетау” ўзгадалі як пра адзін з варыянтаў рашэння таго, што рабіць з пасляваеннай Расіяй. Аднак грамадзян РФ спяшаемся заспакоіць: ніхто не будзе знішчаць расійскую навуку і спыняць тэхнічны прагрэс. Гэтым досыць удала займаецца сам рэжым Пуціна.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі