Берлусконі абярэ паміж хатнім арыштам і грамадскімі працамі

Тыдзень таму Касацыйны суд у Рыме пацвердзіў турэмнае зняволенне для былога прэм’ер-міністра Сільвіа Берлусконі, які быў асуджаны за нявыплату падаткаў яго тэлебачаннем Mediaset. Суд разгледзеў апеляцыі на рашэнні дзвюх папярэдніх інстанцый і пакінуў у сіле прысуд, які стаў для Сільвіа Берлусконі першым з 30 судовых спраў. Былы прэм’ер адразу загаварыў пра рэформы.

“Мы не можам пазбегнуць сваіх абавязацельстваў па правядзенні рэальных рэформаў судовай сістэмы і дзеля гэтага мы гатовыя ісці на выбары”, — перадае словы Берлусконі Reuters, спасылаючыся на ўдзельніка закрытай сустрэчы партыі “Народ Свабоды”.

Выступаючы 4 жніўня ў Рыме перад 2 тысячамі сваіх прыхільнікаў, Сільвіа Берлусконі заявіў, што ён невінаваты.

Тым часам, паводле выдання The Independent, той “факт, што закон урэшце дагнаў Берлусконі, не змякчае здзіўлення замежных назіральнікаў, чаму палітыку так доўга ўсё сыходзіла з рук”.

The Independent: “Для многіх італьянцаў Берлусконі на працягу двух дзесяцігоддзяў быў увасабленнем усяго няправільнага, звязанага з іх краінай: маральнай ўбогасці, яго павярхоўнасці, прыярытэтам сям'і над  дзяржавай і гатоўнасцю займацца асаблівымі інтарэсамі”.

Нягледзячы на тое, што былы італьянскі прэм’ер атрымаў 4 гады пазбаўлення волі, з-за амністыі гэты тэрмін будзе скарочаны да года. Ды і, згодна з італьянскімі законамі, 76-гадовы Берлусконі не будзе сядзець у турме. Да 16 кастрычніка ў яго ёсць час, каб вызначыцца з формай пакарання: хатні арышт альбо грамадскія працы. Некаторыя ўжо пачалі смяяцца, што мільярдэр будзе марнаваць свой час на працах замест таго, каб правесці яго ў адной са сваіх вілаў альбо палацы. Але The Independent сцвярджае, што для палітычнага генія Берлусконі гэта стала б выдатнай магчымасцю папіярыцца.

Увогуле ж, апошні прысуд ставіць пад пагрозу хісткую парламенцкую кааліцыю паміж левай Дэмакратычнай партыяй Італіі Энрыка Лета і правым “Народам Свабоды” Сільвіа Берлусконі. Апошні, дарэчы, лічыць, што такі ўрад мусіць працаваць і далей, каб вывесці краіну з крызісу. А таксама рашэнне суда можа паглыбіць крызіс усёй еўразоны, лічаць эксперты.

“Рынкі не чакалі шмат дзеянняў падчас летніх жнівеньскіх вакацый. Але напружанасць узмоцніцца адразу пасля перапынку, у верасні”, — цытуе аналітыка Клаўдыа Аспесі Reuters.

Тым часам яшчэ адным вынікам суда, можа нават больш страшным для Берлусконі, чым пазбаўленне волі, з’яўляецца забарона на займанне дзяржаўных пасад. Праўда, нядаўна пракурор запатрабаваў скарачэння гэтай забароны да 3 гадоў. Улічваючы ўзрост, нават гэты тэрмін можа паставіць крыж на палітычнай кар’еры былога італьянскага прэм’ера.

Фота: AFP PHOTO / GABRIEL BOUYS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі