"Бен-Гурыён" адмяняе вылеты самалётаў на фоне пратэстаў у Ізраілі

Аэрапорт "Бен-Гурыён" зачынены на фоне пратэстаў / newsru.co.il
Аэрапорт "Бен-Гурыён" зачынены на фоне пратэстаў / newsru.co.il

Аэрапорт "Бен-Гурыён" у Тэль-Авіве спыніў вылеты самалётаў. Кіраўнік Упраўлення аэрапортаў Пінхас Ідан абвясціў, што на фоне пратэсту супраць судовай рэформы вылеты з аэрапорта спыненыя. Рэйсы прыбыцця, калі яны знаходзяцца ў паветры, прымуць. На які час спыненыя вылеты з "Бен-Гурыёна", пакуль незразумела, паведамляе newsru.co.il

У рамках усеагульнай забастоўкі ў краіне спыняюць працу гандлёвыя цэнтры. З заўтрашняга дня будуць страйкаваць дзіцячыя садкі, адмяняюць сваю працу і велікодныя дзіцячыя лагеры. Мясцовыя органы ўлады не будуць прымаць наведвальнікаў.

Масавыя пратэсты пачаліся пасля таго, як напярэдадні прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху адправіў у адстаўку міністра абароны Ёава Галанта. Ён заклікаў адмовіцца ад рэформы. У выніку на вуліцы выйшлі дзясяткі тысяч людзей. Сёння раніцай прэзідэнт Ізраіля Іцхак Герцаг звярнуўся да ўрада і кааліцыі з заклікам спыніць працэс прыняцця законаў, звязаных з рэформай.

"Увесь народ ахоплены глыбокай трывогай. Бяспека, эканоміка, грамадства усё пад пагрозай... Дзеля адзінства з народам Ізраіля, дзеля ўскладзенай на нас адказнасці я заклікаю вас неадкладна спыніць заканадаўчы працэс", сказаў Герцаг. Паводле яго слоў, "гэта не палітычны момант, гэта момант лідарства і адказнасці". Днём у панядзелак Нетаньяху заявіў, што мае намер прыпыніць рэформу.

Сутнасць судовай рэформы, якую прапаноўваў Нетаньяху, палягала ў тым, каб даць выканаўчай уладзе больш кантролю над прызначэннем суддзяў у Вярхоўны суд і дазволіць ураду адмяняць судовыя рашэнні на аснове простай парламенцкай большасці.

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі