Вы тут

Белтэлерадыёкампанію выключылі з Еўрапейскага вяшчальнага саюза

Выключэнне з 1 ліпеня

Белтэлерадыёкампанію выключылі з Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Гэта адбылося 30 чэрвеня на пасяджэнні выканаўчага савета арганізацыі. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі яе прадстаўнікі. З 1 ліпеня БТРК больш не зможа атрымаць доступ да шэрагу паслуг, даступных для членаў ЕВС. Сярод іх:

■ абмен навінамі і музычным кантэнтам;
■ правы на трансляцыю пэўных музычных і спартыўных мерапрыемстваў;
■ юрыдычную, тэхнічную і даследчую экспертызу;
■ паслугі па абароне інтарэсаў.

Пазней Белтэлерадыёкампанія пракаментавала выключэнне з Еўрапейскага вяшчальнага саюза.

У канцы траўня Еўрапейскі вяшчальны саюз запатрабаваў ад Белтэлерадыёкампаніі тлумачэнняў за паказ здзекаў з людзей. І даў на гэта два тыдні. Членства БТРК было замарожана.

Яшчэ ў красавіку кіраўнік  Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка звярнуўся ў EBС з просьбай вывучыць датычнасць Белтэлерадыёкампаніі да катаванняў: у эфіры паказвалі збітых людзей на фоне дзяржаўнага сцягу РБ (у якасці прыкладу было далучана відэа са збітым палітвязнем Мікалаем Дзядком, якога цяпер судзяць у Мінску).

З прапановай выключыць Белтэлерадыёкампанію з арганізацыі выступіла Швецыя.

Мікалай Дзядок пасля затрымання на фоне чырвона-зялёнага сцягу / Скрыншот з відэа, паказанага на тэлеканале "Беларусь 1"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.