Белтэлерадыёкампанія здзекліва адказала на прэтэнзіі гурта Shuma

Руся / Еўрарадыё
Руся / Еўрарадыё

"Чым менш музыкі, тым больш шуму", — так БТ каментуе прэтэнзіі гурта Shuma наконт выкарыстання яго музыкі без дазволу ў эфіры Белтэлерадыёкампаніі.

— Дадзеныя відэаматэрыялы былі вырабленыя на заказ Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі ў пабочнай арганізацыі і перададзеныя Белтэлерадыёкампаніі для размяшчэння ў эфіры ў рамках двухбаковых дамоўных адносін. Музычная кампазіцыя знаходзіцца ў калектыўным кіраванні Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, з якімі ў медыяхолдынга заключана дамова аб выкарыстанні музычных твораў, — тлумачыць БТ у сваім тэлеграм-канале.

Белтэлерадыёкампанія нагадала, што штоквартальна дае звесткі пра музычныя творы, перададзеныя ў эфір, і ажыццяўляе выплату ўзнагароджання. Гэта значыць, і выпадак Shuma таксама падлягае аплаце.

— Shuma маглі б рэкамендаваць звярнуцца ў Федэрацыю лёгкай атлетыкі з... падзякай. Выключна дзякуючы нашым добрым адносінам з Федэрацыяй такая "інтэлектуальная ўласнасць" атрымала хоць нейкі шанц трапіць у тэлевізійны эфір, — здзекліва дадалі ў БТ.

Нагадаем, вакалістка праекта Shuma Руся выявіла сваю песню ў роліку пра Беларускія лёгкаатлетычныя гульні, які круціць Белтэлерадыёкампанія. Артыстка не давала БТ дазволу на выкарыстанне трэка і збіралася адстойваць свае правы ў судзе.

— Вельмі непрыемна, калі ты працуеш, укладваеш у творчасць шмат сіл і грошай, а тваю інтэлектуальную ўласнасць проста забіраюць. Прычым такое тэлебачанне! — абуралася Руся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі