Вы тут

"Белгазпрамбанк" прыпыняў шэсць відаў аперацый з замежнай валютай

Галоўны офіс "Белгазпрамбанка" ў Мінску / Еўрарадыё

Позна ўвечары 16 чэрвеня "Белгазпрамбанк" на сваім афіцыйным сайце абвясціў, што прыпыняе некаторыя аперацыі. Абмежаванні ўводзяцца ў 23:00 16 чэрвеня 2020 года і датычацца шэрагу аперацый з замежнай валютай:

1. Здыманне наяўнай замежнай валюты на тэрыторыі Беларусі з выкарыстаннем банкаўскай карткі ААТ "Белгазпрамбанк", эмітаванай да бягучага рахунку з БПК [банкаўскай плацёжнай картай. — Еўрарадыё] у беларускіх рублях;

2. Унясенне наяўных беларускіх рублёў на бягучы рахунак з БПК, адкрыты ў замежнай валюце, здзейсненае з выкарыстаннем аплатнай карткі, эмітаванай да такога рахунку (папаўненне карткі);

3. p2p-пераводы ў замежнай валюце паміж банкаўскімі аплатнымі карткі, эмітаванымі ААТ "Белгазпрамбанк", калі любая з картак, якія ўдзельнічаюць у пераводзе, эмітаваная да бягучага рахунку з БПК у беларускіх рублях;

4. p2p-пераводы ў беларускіх рублях паміж банкаўскімі аплатнымі карткі, эмітаванымі ААТ "Белгазпрамбанк", калі любая з картак, якія ўдзельнічаюць у пераводзе, эмітаваная да бягучага рахунку з БПК у замежнай валюце;

5. p2p-пераводы ў беларускіх рублях на банкаўскія аплатныя карткі, эмітаваныя ААТ "Белгазпрамбанк" да бягучага рахунку з БПК у замежнай валюце;

6. Безнаяўныя аперацыі ў замежнай валюце, якія ажыццяўляюцца на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку на беларускіх інтэрнэт-рэсурсах з выкарыстаннем банкаўскай плацежнай карткі ці яе рэквізітаў, эмітаванай ААТ "Белгазпрамбанк" да бягучага рахунку з БПК у беларускіх рублях.

Астатнія аперацыі з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак або іх рэквізітаў ажыццяўляюцца без зменаў.

Аднак раніцай 17 чэрвеня аперацыі былі адноўлены ў поўным аб'ёме.

14 чэрвеня праўленне Нацбанка Беларусі прыняло пастанову №192 аб увядзенні часовай адміністрацыі па кіраванні "Белгазпрамбанкам". Яна прыступіла да сваіх абавязкаў раніцай 15 чэрвеня. Кiраўнiком часовай адміністрацыі стала Надзея Ермакова, былая кіраўніца Нацбанка.

У дні, якія папярэднічалі гэтаму, Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю пачаў крымінальныя справы на супрацоўнікаў банка за легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і ўхіленне ад выплаты падаткаў. Былі затрыманыя 15 чалавек, у тым ліку топ-менеджары "Белгазпрамбанка".

Усе гэтыя дзеянні адбыліся пасля таго, як былы старшыня праўлення "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка ўступіў у прэзідэнцкую кампанію. Бабарыка — адзін з фаварытаў на сёлетніх выбарах.

99,6% акцый "Белгазпрамбанка" належыць расійскім кампаніям.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.