“Белэнерга” папярэджвае пра махляроў, якія дзейнічаюць ад яго імя
![“Белэнерга” папярэджвае пра махляроў, якія дзейнічаюць ад яго імя](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/img_06296034c44bbe012e69844ab0d4603c.jpg.webp?itok=SIiRA5Ew)
Дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне электраэнергетыкі “Белэнерга” папярэджвае пра махляроў, якія дзейнічаюць ад яго імя. Такія выпадкі былі зафіксаваныя апошнім часам у Мінскай, Віцебскай, Гомельскай абласцях. Пасля бясплатнага агляду памяшкання зламыснікі прапануюць людзям заключыць дамову на аказанне платных паслуг. “Белэнерга” заклікае спажыўцоў “быць пільнымі і не паддавацца на хітрыкі махляроў”.
Адзначаецца, што сапраўдныя работнікі арганізацыі апранутыя ў спецвопратку, маюць пры сабе пасведчанне з фотаздымкам. Яны не прапануюць людзям на месцы заключыць дамову на аказанне паслуг. Калі ў спажыўцоў узнікла падазрэнне, што іх наведалі не сапраўдныя спецыялісты, “Белэнерга” раіць звяртацца да праваахоўнікаў.