Вы тут

"БелДжы" прывёз у Беларусь чатыры электракары, але выпускаць іх пакуль не будзе

Электракары Geely / БЕЛТА

Беларуска-кітайскі завод "БелДжы" гатовы разглядаць выпуск электрамабіляў у Беларусі, калі ўдасца прадаваць 5-10 тысяч машын за год. Такую лічбу назваў журналістам дырэктар прадпрыемства Генадзь Свідзерскі.

"З пункту гледжання стратэгіі, калі будзе масавы попыт — дзесьці каля 10 тысяч аўтамабіляў у год, мэтазгодна весці падрыхтоўку вытворчасці. Нават 5 тысяч электрамабіляў, напэўна, хапіла б, каб мы прынялі рашэнне аб падрыхтоўцы вытворчасці", — прыводзіць БЕЛТА яго словы. 

Тым часам ужо цяпер завод атрымаў чатыры электрамабілі Geely Geometry A. Гэта цалкам кітайскія машыны. Адзін з іх пройдзе тэсты на барысаўскім заводзе, а яшчэ тры адправяць у дылерскія цэнтры. Дарэчы, там яны таксама не будуць прадавацца, бо прызначаныя толькі для тэставання і вывучэння попыту.

Пра магчымы кошт электрамабіля Geely Geometry A, зробленага ў Беларусі, Свідзерскі лічыць казаць зарана. Па яго словах, спярша трэба ацаніць сабекошт машыны і рынкавае асяроддзе. З коштамі машын, увезеных з Кітая, ён параўноўваць не стаў: пры іх увозе давялося выплаціць мытную пошліну, ПДВ, утылізацыйны збор, што павялічвае кошт аўтамабіля.

Электрамабіль Geely Geometry A, прывезены ў Беларусь на тэсты, мае запас ходу 500 км. У ім ёсць сістэма адаптыўнага круіз-кантролю, а таксама сістэмы рэагавання на пешахода і раварыста ды інтэлектуальная сістэма аўтаматычнай паркоўкі.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў краіне неабходна развіваць электратранспарт. Для гэтага плануецца ўвесці падатковыя ды іншыя ільготы для ўладальнікаў электрамабіляў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.