Беларусы чакаюць дэвальвацыі, каб выплаціць крэдыты?

Калі ўзяць крэдыт на жыллё, праз 15 гадоў давядзецца вярнуць у 3 разы больш. Нягледзячы на гэта, жадаючых атрымаць пазыку ў банку сёлета стала яшчэ больш, чым летась.
Еўрарадыё вырашыла высветліць, на якіх умовах у банку можна ўзяць крэдыт на жыллё, напрыклад, у 50 мільёнаў рублёў.

Аказалася, што для гэтага неабходна мець заробак амаль 3 мільёны. Калі аформіць крэдыт на сям’ю — мужа і жонку, то ад кожнага спатрэбіцца палова гэтай сумы.

У любым выпадку штомесяц давядзецца аддаваць банку 1 мільён 300 тысяч рублёў, паведамілі нам у адным са сталічных філіялаў "Беларусбанка":

Супрацоўніца "Беларусбанка": “Атрымліваецца на 15 гадоў 25 адсоткаў гадавых. Плацеж у месяц будзе 1 мільён 321 тысяча, і даход трэба прадставіць 2 мільёны 800 тысяч, можна ад вас дваіх”.

Такім чынам, праз 15 гадоў замест пазычаных 50 мільёнаў рублёў вы заплаціце банку ў 3 разы больш — 145 мільёнаў! Прычым умовы атрымання крэдытаў паўсюль прыкладна тыя самыя. Праўда, у некаторых банках атрымаць пазыку будзе яшчэ складаней. Напрыклад, у "БПС-Банку" вам спатрэбяцца два паручыцелі:

Супрацоўніца "БПС-Банка": “У беларускіх рублях да 15 гадоў банк крэдытуе пад паручыцельства фізічных асобаў. Мы крэдытуем да 70%, то бок вы самі ўжо павінны ўнесці 30% сумы, якая патрэбна на жыллё”.

Да таго ж далёка не кожны банк дапаможа вам палепшыць жыллёвыя ўмовы. У “Белаграпрамбанку” і ў банку “Мінск-Масква” крэдыты на жыллё ўвогуле не выдаюць:

Супрацоўніца банка “Мінск-Масква”: “Мы не крэдытуем жыллё. Мы пазычаем толькі на спажывецкія патрэбы. Калі браць да 7 мільёнаў, то на 3 гады без паручыцеляў, а ад 7 да 50 мільёнаў — на 5 гадоў з паручыцелямі. Для 50 мільёнаў — стаўка 25% гадавых плюс 69 тысяч штомесяц суправаджэнне”.

Аднак такія ўмовы не палохаюць беларусаў. Ахвотных узяць крэдыт у банках сёлета стала яшчэ больш, чым летась, даведаліся мы ў прэс-службе "Беларусбанка":

Супрацоўнік прэс-службы "Беларусбанка": “Крэдытны партфель увесь час расце, а значыцца і крэдыты растуць, іх памеры і колькасць. Як спажывецкія, так і на жыллё”

Растлумачыць, чаму ж беларусы бяруць крэдыты на такіх умовах, не звяртаючы ўвагі на цяжкае фінансавае становішча, мы папрасілі эканаміста Інстытута прыватызацыі і менеджмента Дзмітрыя Крука. Высветлілася, што нашыя суайчыннікі дзейнічаюць паводле прынцыпу “або зараз, або ніколі”:

Дзмітрый Крук: “Забяспечанасць жыллём у нас менш, чым у заходніх краінах. Альтэрнатывы тут няма, а прыярытэтнасць у куплі жылля даволі вялікая. Часы зараз цяжкія, але ў той жа час цэны на жыллё вельмі істотна знізіліся, таму калі вашы зберажэнні фармаваліся, каб купіць жыллё, то зараз шмат у чым спрыяльны момант”.

На думку Дзмітрыя Крука, беларусы пазычаюць у банкаў, таму што разлічваюць на чарговую дэвальвацыю. Тады і аддаць грошы будзе лягчэй.

Дзмітрый Крук: “Адзін з матываў, чаму людзі гатовыя браць крэдыты на доўгі тэрмін, — гэта чаканні, звязаныя з будучым паслабленнем рубля. Нават нягледзячы на нявыгадныя ўмовы, нехта лічыць, што ўзяць крэдыт на доўгі тэрмін — выгадна”.

Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі