Вы тут

Беларускую федэрацыю каратэ ачоліў намеснік міністра сельскай гаспадаркі

Аляксей Багданаў на трэніроўцы / ctv.by

Беларускую федэрацыю каратэ ачоліў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў. Але тут няма нічога дзіўнага, бо чыноўнік — майстар спорту міжнароднага класа па каратэ (восенню Багданаў распавядаў пра сваё захапленне каратэ на тэлебачанні). Іншая справа, якія новаўвядзенні плануе "дзяржаўны чалавек".

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці піша, што ўпершыню на пасяджэнні федэрацыі прысутнічаў міністр спорту — Сяргей Кавальчук. Пасля яго выступлення прысутныя выказаліся за закрытае галасаванне па выбары новага кіраўніка, хаця раней былі за адкрытае. У выніку Аляксей Багданаў атрымаў 26 галасоў, а Георгій Катулін — 18.

Прысутныя не зразумелі, што меў на ўвазе новы старшыня, калі заявіў, што "разбярэцца з прыватнымі клубамі і ўзмоцніць дзяржструктуры", бо якраз на прыватных клубах трымаецца каратэ. Багданаў анансаваў паездку па рэгіёнах, каб паглядзець, які ўзровень у беларускага каратэ і якія ёсць праблемы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.