Беларускія тэнісісты выйшлі ў другі круг Кубка Дэвіса

У Дубліне мужчынская зборная Беларусі па тэнісе перамагла гаспадароў у матчы першага круга Кубка Дэвіса другой групы Еўра-Афрыканскай зоны.

У суботу, 7 сакавіка, у парнай гульні Аляксандр Буры і Сяргей Бетаў перамаглі ірландцаў Джэймса Класкі і Дэвіда О'Хеера — 7:6 (9:7), 5:7, 6:3, 6:4. Пасля гэтай сустрэчы лік стаў 3:0 на карысць беларускай зборнай, адзначае БЕЛТА.

У першы дзень спаборніцтваў тэнісісты Беларусі атрымалі дзве перамогі ў адзіночных паядынках. Спачатку Дзмітрый Жырмонт у трохгадзіннай сустрэчы адолеў Сэма Бары — 6:4, 6:7 (3:7), 7:6 (7:4), 6:2. А потым Ягор Герасімаў апынуўся мацнейшым за Дэніэла Глэнсі — 6:2, 6:3, 6:3.

8 сакавіка адбудуцца яшчэ два адзіночныя паядынкі, але іх вынік ужо не мае турнірнага значэння — наша зборная ўжо выйшла ў другі круг. Сёння сустракаюцца Сэм Бары і Ягор Герасімаў, а потым Дэніэл Глэнсі і Дзмітрый Жырмонт.

Раней зборная Беларусі ў розыгрышы Кубка Дэвіса двойчы абыграла каманду Ірландыі з аднолькавым лікам 4:1 — у 1997 годзе ў Дубліне і ў 2014-м у Мінску.

У наступным раўндзе ў сярэдзіне ліпеня зборная Беларусі сустрэнецца з лепшай камандай пары Турцыя — Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.

Фота Сяргея Бетава — pressball.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі