Беларускія мытнікі затрымалі больш "санкцыйных" тавараў, чым расіяне

Беларускія мытнікі затрымалі больш "санкцыйных" тавараў, чым расіяне

На прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню мытніка, кіраўніцтва ведамства паведаміла пра павелічэнне прафесійных паказчыкаў па ўсіх франтах. А таксама пра найноўшыя тэхналогіі на беларускіх пунктах пропуску.

Абяцаюць, што ў хуткім часе папяровыя дэкларацыі будуць запаўняцца толькі ў выключных выпадках. Гэта, як лічаць у Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі, дапаможа больш дасканала выяўляць кантрабанду і разам з тым больш хутка аглядаць транспарт на мяжы.

Згадалі мытнікі і пра ліквідацыю разнастайных казусаў. Не аднойчы здараліся скандальныя выпадкі, калі у замежніка ламалася машына, і за руль сядаў механік з СТА. У выніку аўтамабіль спыняла ДАІ, а пасля машыну канфіскоўвалі за парушэнне правілаў увозу транспартных сродкаў.

Гэтую праблему павінны вырашыць на Аб'яднанай калегіі мытных службаў краін Мытнага саюза, якая адбудзецца ў Мінску 16 верасня.

“Бываюць разнастайныя аб’ектыўныя прычыны, калі часова ўвезены транспартны сродак псуецца, і неабходна аддаць яго майстру, каб некуды перамясціць. Вырашаецца пытанне, каб такія людзі дарма не прыцягваліся да адказнасці”, — тлумачыць кіраўнік Мытнага камітэта Беларусі Юрый Сянько.

Хутчэй за ўсё, замежнікам дазволяць перадаваць аўто толькі для таго, каб яго эвакуатарам транспартаваць да СТА.

Беларускія мытнікі затрымалі больш "санкцыйных" тавараў, чым расіяне

Па справе аб карупцыі на ашмянскай мытні затрымана каля 40 чалавек

У Дзяржаўным мытным камітэце прызнаюцца, што выкараніць карупцыю не атрымліваецца. Самая рэзанансная справа гэтага года ― хабары на ашмянскай мытні.

“КДБ і Следчы камітэт працягваюць расследаванне. На сёння затрымалі агулам каля 40 супрацоўнікаў. Шэраг спраў ужо ў судзе”, — канстатуе Сянько.

Ці зменіцца абмежаванне на ўвоз алкаголю з-за мяжы?

20 жніўня Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў перагледзець нормы на ўвоз і вываз з краіны алкаголю. На сёння, у Беларусь праз мяжу можна везці не больш за 3 літры любога алкаголю.

“Калі пытанне будзе вырашацца, патрэбная згода ўсіх пяці краін (Еўразійскага эканамічнага саюза, — Еўрарадыё). Гэта агульнае правіла. Беларусь не можа самастойна прыняць такое рашэнне”, — адзначае Юрый Сянько.

Галоўны мытнік праінфармаваў: штодзень на мяжы канфіскоўваюць ад 100 да 300 літраў нелегальнага алкаголю.

Беларускія мытнікі затрымалі больш "санкцыйных" тавараў, чым расіяне

Беларускія мытнікі канфіскавалі больш за 1000 тон “санкцыйных тавараў”

Пакуль у Расіі на камеру паляць ды пераязджаюць бульдозерамі санкцыйных гусей і сыры, у Беларусі іх проста канфіскоўваюць. Ды і тавары, якія ўсходні сусед называе санкцыйнымі, у нас такімі не лічацца.

“Да нас такія прадукты могуць увозіцца, перапрацоўвацца і спажывацца. Па гэтым пытанні мы арганізавалі даволі добрае ўзаемадзеянне з федэральнай мытнай службай Расійскай Федэрацыі. Арганізаваная праца датычна спробаў перамяшчэння ў РФ тавараў, увезеных у Беларусь для ўнутранага спажывання. Тое, што мы бачым з прэсы: Расійская федэрацыя цягам гэтага года затрымала каля 650 тон тавараў, якія спрабавалі вывезці з Беларусі ў іх бок. Беларускія мытныя службы затрымалі ўжо больш за 1000 тон”, — прыводзіць лічбы Юрый Сянько.

Кіраўнік Мытнага камітэта распавёў, што цягам 2015 года усяго на беларускіх мытнях канфіскавалі нелегальных тавараў на суму ў 47 мільярдаў рублёў. Распачата шэсць крымінальных спраў за перавоз зброі. Канфіскавана 70 кг наркотыкаў і псіхатропных рэчываў. Найбуйнейшую партыю гашышу (64 кг) выявілі на пункце мытнага афармлення на мяжы з Латвіяй. Раслінны наркотык спрабавалі ўвезці ў Беларусь на Кадылаку.

Фота Ria Novosti

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі