Беларускія коннікі не змогуць выступіць на Алімпіядзе 2024 года

Коннік

Коннік / pixabay.com

Беларускія і расійскія коннікі, дапаможны персанал, уладальнікі коней і афіцыйныя асобы для вяртання на міжнародныя турніры павінны прадэманстраваць адсутнасць актыўнай падтрымкі вайны ва Украіне. Пра гэта заяўляецца на сайце Міжнароднай федэрацыі коннага спорту (FEI).

Таксама коннікі не павінныя мець кантракты з сілавымі структурамі Беларусі і Расіі.

Спартоўцам нададуць нейтральны статус, і яны змогуць удзельнічаць толькі ў індывідуальных, але не ў камандных спаборніцтвах FEI. Адпаведна, не дапускаецца ніякага выкарыстання дзяржаўнай сімволікі — сцяга, гімна, эмблемаў ды іншых ідэнтыфікатараў.

Паведамляецца, што Алімпіядзе і Паралімпіядзе 2024 года беларускія і расійскія коннікі не змогуць прыняць удзел. На гульні можна было кваліфікавацца па выніках спаборніцтваў FEI па канкуры, выездцы і конным трохбор'і, якія адбываліся ў 2023 годзе. Між тым коннікі Беларусі і РФ не ўдзельнічаюць у спаборніцтвах Федэрацыі з 2 сакавіка 2022 года.

Санкцыі на расійскіх і беларускіх спартоўцаў былі накладзеныя пасля пачатку шырокамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны. Гэтае ўварванне падтрымалі беларускія ўлады.

8 снежня 2023 года Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) дапусціў да Парыжскай Алімпіяды індывідуальных спартоўцаў з Беларусі і Расіі ў нейтральным статусе. Як паведамлялася, у Беларусі алімпійскія ліцэнзіі атрымалі пяць чалавек. Умовы МАК не спадабаліся афіцыйнаму Мінску. У сваю чаргу Аб'яднаны пераходны кабінет заявіў пра сувязь з сілавымі структурамі як мінімум двух спартовак, якія атрымалі алімпійскія ліцэнзіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі