Беларускія кінематаграфісты абвінавацілі чыноўнікаў у дыверсіі супраць Лукашэнкі

Беларускія кінематаграфісты абвінавацілі чыноўнікаў у дыверсіі супраць Лукашэнкі

У пятніцу ўвечары з канферэнц-залы на "Беларусьфільме" літаральна валіць пара: тут абмяркоўваецца праект Указа прэзідэнта "Аб мерах па дзяржаўнай падтрымцы і стымуляванні развіцця кінематографа", які выклікае рэзананс у кінематаграфічным свеце Беларусі. І не дзіва, бо згодна з дакументам, што рыхтуецца Міністэрствам культуры, здымаць кіно ў нашай краіне можна будзе толькі з дазволу ўладаў.

Да таго ж патрэбнае будзе пасведчанне, выдадзенае Мінкультам ці іншым дзяржаўным органам. Яго давядзецца атрымліваць на вытворчасць кожнай стужкі, незалежна ад колькасці серый і хранаметражу, і яно будзе платным ― ад адной да 20 базавых велічынь. Перад тым, як выдаць пасведчанне, чыноўнікі мусяць азнаёміцца са сцэнарыем фільма, шматлікія экспертныя камісіі правераць, ці не фігуруе ў творчай задуме аўтара парнаграфія, наркотыкі ды экстрэмізм. Пасля гэтага Мінкульт вырашыць, быць фільму ці не (дарэчы, кінематаграфісты не сумняваюцца, што пасля давядзецца паказваць чыноўнікам і ўвесь адзняты матэрыял).

Пад выключэнне трапілі карціны, якія здымаюцца пры падтрымцы дзяржавы ці з удзелам дзяржаўных тэлеканалаў.

 

Беларускія кінематаграфісты абвінавацілі чыноўнікаў у дыверсіі супраць Лукашэнкі

"Мала таго, што дадзены праект рыхтаваўся кулуарна, без кансультацый з аўтарытэтнымі прадстаўнікамі кінасупольнасці, творчымі людзьмі, вытворцамі кіно, на наш погляд ён цалкам супярэчыць сваёй назве і з'яўляецца нічым іншым, як дыверсіяй, якая адбываецца супраць Вас асобнымі чыноўнікамі ў перадвыбарчы перыяд. Інакш, як гэта, мы проста не ўспрымаем", ― гаворыцца ў калектыўным звароце кінематаграфістаў да Аляксандра Лукашэнкі.

За сталом на публічным абмеркаванні працоўная група на чале з новым дырэктарам “Беларусьфільма” Ігарам Поршневым. Побач ― яго маўклівы намеснік і два прадзюсары, якія прадстаўляюць прыватныя кінакампаніі. Яны ходзяць да чыноўнікаў і кансультуюць іх у напісанні дакумента. На сустрэчы “працоўная група” прапаноўвае рэжысёрам, прадзюсарам, дакументалістам, прадстаўнікам фестываляў і маладым рэжысёрам абмеркаваць пункты праекту, якія выклікаюць найбольшыя непаразуменні, і не вельмі хоча чуць, што большая палова прысутных выступае супраць такога дакумента. Сам дырэктар, падаецца, трымае збольшага нейтральную пазіцыю: нібыта і разумее, што дакумент не патрэбны, але спрабуе абгрунтаваць пазіцыю чыноўнікаў. А вось яго калега па працоўнай групе, прадзюсар Сяргей Зыгмантовіч, усімі сіламі абараняе будучы дакумент і заяўляе прысутным філасофскае: “Вы не ведаеце, што бачыце”.

 

Канематаграфісты прапануюць самастойна напісаць праект указа і прапанаваць яго Мінкульту.

 

"І ўвогуле, дзе чыноўнікі, якія мусяць чуць нашу пазіцыю? Чаму іх тут сёння няма? Дзе Ірына Дрыга, якая так жвава “прасоўвае” гэты ўказ?" ― пытаюцца вядомыя дзеячы беларускага кіно.

 

Беларускія кінематаграфісты абвінавацілі чыноўнікаў у дыверсіі супраць Лукашэнкі

Сцэнарыст і прадзюсар Андрэй Курэйчык настойвае:

 

“Першае, трэба данесці думку, што нікога гэты ўказ не задавальняе ― некага ў дробязях, а большасць увогуле не задавальняе. Ён прынцыпова шкодны, ён нікому не патрэбны, ён нічога не стымулюе, а пагаршае сітуацыю ў дачыненні да таго, што ёсць цяпер”.

 

Прадзюсар прыватнай кампаніі Аляксандр Францкевіч-Лае лічыць незразумелай саму мэту будучага дакумента. Аднак мяркуе, што сённяшняя сустрэча патрэбная:

 

“Правільная сустрэча адбылася, вельмі канструктыўная. Я лічу, што будзем рухацца далей. Гэта толькі пачатак працы дырэктара кінастудыі, вельмі правільна, што ён матываваў гэты сход і выслухаў усіх прысутных”.

 

Разыходзяцца кінематаграфісты на тым, што да працоўнай групы далучаюцца прадстаўнікі з залы: прадзюсар Аляксандр Францкевіч-Лае, дырэктар кампаніі “First Rental” Сяргей Якубоўскі і Андрэй Курэйчык — за іх галасуюць прысутныя, спадзеючыся на больш канструктыўны дыялог з Мінкультам. Дырэктар “Беларусьфільма” запрашае працоўную групу працягнуць абмеркаванне ў панядзелак пасля 18-й і да серады, 22-га, скласці новую версію дакумента. Праўда, ці ўлічаць чыноўнікі пажаданні кінематаграфістаў, невядома.

 

Фота з Facebook Андрэя Курэйчыка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі