Вы тут

Беларускія банкі не бачаць у эканоміцы добрых пазычальнікаў?

Банкі не спяшаюцца крэдытаваць на "лішнія" рублі / Reuters

Банкі сталі класці грошы на дэпазіты ў Нацбанку і не бралі крэдыты ў рэгулятара пасля таго, як Нацбанк аднавіў штотыднёвыя аўкцыёны па падтрымцы і адабранні ліквіднасці.

Гэта звязана з тым, што ў банкаў лішак рублёў, якія яны не ўладкавалі ў выглядзе крэдытаў або куплі каштоўных папер, расказвае Еўрарадыё старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.
 

Рублёў занадта шмат, таму адсоткі па дэпазітах невялікія

Нацыянальны банк / Reuters

Першы са штотыднёвых аўкцыёнаў прайшоў 6 кастрычніка. Па звестках Нацбанка, у крэдытных аўкцыёнах не ўдзельнічаў ні адзін банк. Затое 18 банкаў прэтэндавалі на тое, каб пакінуць у Нацбанку рублі пад адсоткі. З іх задаволеныя заяўкі 17 банкаў.

Агулам у Нацбанку хацелі пакінуць 4627,4 млн рублёў. Нацбанк узяў толькі 1070,6 млн рублёў. Сярэдняя стаўка — 3% гадавых.

— На момант правядзення аўкцыёну рэшта неўладкаваных сродкаў у банках была 6,4 мільярда рублёў. Каб было зразумела, што ў банкаў менавіта лішак рублёвай ліквіднасці, а не яе дэфіцыт, можна паглядзець адсоткавыя стаўкі на міжбанкаўскім рынку. Апошнія здзелкі там праходзілі пад 2,5% гадавых. Гэта пры тым, што ў нас стаўка рэфінансавання 9,25%. Гэта значыць, лішак грошай на рынку і цана на іх гранічная нізкая, — кажа Вадзім Іосуб.
 

Чаргі з "добрых" пазычальнікаў няма

Выдаваць валютныя крэдыты банкі настроеныя яшчэ менш, чым рублёвыя / Еўрарадыё

Банкі збянтэжаныя тым, куды падзець рублі, але актыўна крэдытаваць прадпрыемствы і насельніцтва не спяшаюцца.

— Мабыць, банкі вельмі асцярожна падыходзяць да крэдытавання і да ацэнкі плацежаздольнасці пазычальнікаў. Не спяшаюцца нарошчваць крэдыты, калі ёсць сумневы ў надзейнасці пазычальніка. Дзякуючы такім працэсам у банкаў утварыўся лішак грошай. Яны гатовыя аддаць сродкі Нацыянальнаму банку пад 3% гадавых з абсалютнай гарантыяй, што атрымаюць іх назад.

У банкаў застаецца праблема з валютнай ліквіднасцю, але проста ўзяць рублі і купіць патрэбны аб'ём валюты на іх нельга.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.