Вы тут

Улады могуць рызыкнуць укладамі беларусаў для падтрымкі дзяржпрадпрыемстваў

Улады знайшлі грошы на новы "інвестыцыйны цыкл" / кадр з фільма "Воўк з Уол-стрыт"

Грошы "Агенцтва па гарантаваным пакрыцці банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб" могуць быць укладзеныя ў сумнеўныя праекты. Гэта значыць, што пры банкруцтве якога-небудзь банка вялікая рызыка, што не будзе каму вярнуць грошы ўкладчыкам.

Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні законапраект "Аб змене законаў па пытаннях гарантаванага пакрыцця банкаўскіх укладаў (дэпазітаў)". Згодна з ім, "часова свабодныя грашовыя сродкі" агенцтва могуць быць накіраваныя на куплю аблігацый Банка развіцця. А Банк развіцця можа па сваім меркаванні выкарыстоўваць атрыманыя грошы.

Банк развіцця / fotokto.ru

Еўрарадыё даведалася ў старшага навуковага супрацоўніка BEROC Дзмітрыя Крука, чаму такое рашэнне не самае лепшае для ўкладчыкаў, колькі ў агенцтва грошай і чаму ёсць вялікая імавернасць таго, што іх атрымаюць ненадзейныя праекты.
 

Такую падстрахоўку трымаюць у самых надзейных інструментах

"Агенцтва па гарантаваным пакрыцці банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб" існуе для таго, каб забяспечыць дадатковую падстрахоўку на выпадак, калі які-небудзь банк не зможа выконваць свае абавязацельствы па дэпазітах. Тады агенцтва без усялякіх умоў проста выканае абавязацельствы банка.

— Усе банкі ў залежнасці ад велічыні сваіх дэпазітаў абавязаныя адлічваць у агенцтва частку сродкаў. Наяўнасць такога агенцтва — абсалютна нармальная практыка. Было б праблемай, калі б яго не было. Звычайна ў іншых краінах такія агенцтвы трымаюць свае сродкі ў самых ліквідных і надзейных інструментах, — кажа Дзмітрый Крук.

Каб агенцтва магло гарантаваць захаванасць сродкаў, такімі інструментамі звычайна бываюць аблігацыі ўрада ці вельмі надзейных фірмаў.

Захоўваць запасы агенцтва ў Нацбанку надзейней за ўсё / Еўрарадыё

— Гэтыя сродкі павінны быць даступныя і празрыстыя. Улічваючы, што наш фінансавы рынак па колькасці опцый інвеставання сціплы, агенцтва традыцыйна трымала свае сродкі ў Нацыянальным банку. Што для нашай сітуацыі аптымальна. Тады ахоўная функцыя, якую рэалізуе агенцтва, максімальная.
 

Агенцтва зможа зарабіць, але гэта не абавязкова добра

Справаздачнасць па рэзервах агенцтва ў сябе на сайце не публікуе, але па статыстыцы Нацбанка ўскосна можна вылічыць, што фонд агенцтва складае каля $750 млн, адзначае Дзмітрый Крук. Па той жа статыстыцы можна зразумець, што захоўваюцца гэтыя грошы ў валюце.

— Гаворка ідзе пра тое, што замест таго, каб трымаць гэтыя грошы на рахунку ў Нацбанку, што надае надзейнасці, агенцтва зможа купіць аблігацыі Банка развіцця. Фармальна гаворыцца, што гэта добра, таму што за гэтыя аблігацыі агенцтва зможа атрымліваць дадатковы даход. Але абсалютна не факт, што гэта добра.

Суразмоўнік падкрэслівае, што прыярытэты для агенцтва — надзейнасць і ліквіднасць. Інакш кажучы, сродкі павінны быць у захаванасці і даступныя пры неабходнасці.

Не факт, што агенцтва зможа аператыўна атрымаць грошы назад / Reuters

— Пытанне, а ці настолькі надзейнымі будуць аблігацыі Банка развіцця? Асабліва ў кантэксце размоў пра інвестыцыйныя цыклы, якія вядзе Мінэканомікі, і ў кантэксце таго, што звычайныя банкі вымушаныя абмяжоўваць крэдытаванне. Часткова гэты недахоп спрабуюць запоўніць за кошт Банка развіцця. Падазраю, што Банк развіцця, атрымаўшы нейкую частку ад наяўных сродкаў у агенцтва, проста накіруе іх у нейкія праекты, — працягвае Дзмітрый Крук.

Калі нейкі банк станецца няздольны вярнуць укладчыкам грошы, можа ўзнікнуць сітуацыя, пры якой іх не акажацца ў патрэбным аб'ёме і на рахунку ў агенцтва па гарантаваным пакрыцці ўкладаў.

— Ці будуць тады ахвотныя выкупіць аблігацыі Банка развіцця? Паўстае сумнеў. Вядома, можна кагосьці прымусіць, напрыклад Беларусбанк, выкупіць іх і вярнуць грошы агенцтву.

А калі праблемы будуць з самім Беларусбанкам, каго прызначыць выкупляльнікам і ці зможа аператыўна Банк развіцця пагасіць пры неабходнасці гэтыя аблігацыі?

Беларусбанк / Еўрарадыё

Заначку на чорны дзень пусцяць на новы "інвестыцыйны цыкл"?

Не менш важнае пытанне надзейнасці інвестыцый Банка развіцця.

— Упэўненасці, што Банк развіцця пракрэдытуе за кошт гэтых сродкаў нейкі добры праект, апрыёры ў мяне няма. І важна, што нейкая рызыка па аблігацыях адназначна будзе прысутнічаць. Гэты рызыка значна павялічваецца, калі абавязацельствы будуць намінаваныя ў замежнай валюце. Бо агенцтва захоўвае грошы ў валюце.

Калі аблігацыі будуць рублёвыя, то ўзяць на сябе субсідыярную адказнасць, гэта значыць выступіць гарантам іх пагашэння, зможа Мінфін.

Калі аблігацыі будуць валютныя, то захаванасць сродкаў агенцтва яшчэ больш панізіцца / Еўрарадыё

— Тады гэтаму можна давяраць з пункту гледжання надзейнасці. Калі аблігацыя валютная, быць упэўненым у выкананні абавязацельстваў у замежнай валюце і атрымаць субсідыярную адказнасць значна складаней.

На думку эксперта, запуск новага "інвестыцыйнага цыкла" для ўладаў важнейшы, чым давер беларусаў да банкаўскай сістэмы.

Такі цыкл можа пачацца, напрыклад, з мадэрнізацыі нейкага дзяржпрадпрыемства.

— Вядома, у цяперашняй сітуацыі не варта пра давер гаварыць у прынцыпе і мёртваму прыпарка не дапаможа. Але асцерагаюся, што для запуску так званага ў тэрміналогіі Чарвякова [міністр эканомікі. — Еўрарадыё] новага інвестыцыйнага цыкла грошы агенцтва збіраюцца выкарыстоўваць не па прызначэнні, — робіць выснову Дзмітрый Крук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.