Беларускім экспартам у Расію зоймецца адмысловая камісія

Дзмітрый Крутой

Дзмітрый Крутой / Амбасада Беларусі ў Расіі

У Беларусі створаць камісію, якая будзе займацца пытаннямі экспарту ў Расію. Гаворка пра гэта ішла падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з амбасадарам Беларусі ў Расіі Дзмітрыем Крутым. Кіраўнік амбасады і ўзначаліць гэтую камісію.

Бліжэйшым часам ён будзе рыхтаваць праект указа па стварэнні камісіі. "Прапісвайце сабе нармальныя ва ўказе паўнамоцтвы. Вядома, гэта будзе нагрузка на той апарат, які ў вас існуе. Нічога, ты як новы чалавек знойдзеш тых людзей, якія сёння ў вас недазагружаныя або якія могуць выканаць большы аб'ём працы. Але і тут міністраў, апарат урада — трэба задзейнічаць усіх, каго вы палічыце патрэбным", — цытуе словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба.

Лукашэнка разлічвае, што Расія будзе купляць розныя тавары, вырабленыя ў Беларусі: "Санкцыі, не санкцыі — увесь свет і мінеральныя ўгнаенні гатовы купляць, і нафтапрадукты. Нават у Расіі дэфіцыт. І гэтак далей. Таму няма такіх тавараў у Беларусі, якія мы не можам прадаць. Проста трэба варушыцца".

Журналістам Дзмітрый Крутой паведаміў, што камісія не плануе ўмешвацца ў дзейнасць прадпрыемстваў, а будзе своеасаблівым галіновым органам, які мяркуе ўносіць прапановы па фундаментальных пытаннях — напрыклад, па пытаннях лагістыкі або чыгуначных тарыфаў.

Плануецца, што ў першую чаргу камісія будзе працаваць з 75 найважнейшымі пазіцыямі тавараў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі