Беларускіх салдат тэрміновай службы адправяць ва "ўкраінскую мясарубку"? Прагноз

Адна рэч мяжу ўзмацняць, а іншая рэч — ехаць гінуць незразумела за што / Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь
Адна рэч мяжу ўзмацняць, а іншая рэч — ехаць гінуць незразумела за што / Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь

Мінабароны Беларусі не перастаючы штампуе заспакаяльныя відэа. У іх салдаты тэрміновай службы расказваюць, што з Беларусі яны нікуды не з'ехалі. Ці можа Аляксандр Лукашэнка насуперак здароваму сэнсу адправіць ваяваць беларускія войскі ва Украіну?

Белорусских срочников отправят в “украинскую мясорубку”? Прогноз экспертов

— У нас маленькі кантынгент, больш шасці тысяч мы не пашлем. Там ваююць арміі, кожная з якіх налічвае больш за сто тысяч чалавек. Нас там проста разатруць у парашок і не заўважаць. Толку ад нашай арміі там не будзе, — расказвае Еўрарадыё ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін. — Саюзная дамова прадугледжвае сумесны ўдзел у баявых дзеяннях, калі нехта нападае на нас і на Расію. Калі Расія сама праводзіць нейкія агрэсіўныя аперацыі, то Беларусь можа ў гэтым не ўдзельнічаць.

Да таго ж Лукашэнка разумее, што пасля 2020 года краіна не зусім адзіная, не ўсе згодныя з ягонай палітыкай. Калі пойдуць труны, то сітуацыя ўнутры дзяржавы можа абвастрыцца. Гэта ён таксама ўлічвае.

Ці то мяжу ўзмацняюць, ці то войскі назапашваюць

Мінабароны рэгулярна дае справаздачу аб узмацненні заходняга і паўднёвага кірункаў беларускай мяжы. Цяпер там сумесна з памежнікамі дзяжураць брэсцкія і віцебскія дэсантнікі. А можа быць так, што беларускіх салдат вязуць не для ўзмацнення, а для супольнага з войскамі РФ наступу?

Белорусских срочников отправят в “украинскую мясорубку”? Прогноз экспертов
Афіцыйна беларускіх салдат прывезлі на мяжу "з мэтай прадухілення магчымых правакацый і недапушчэння пранікнення на тэрыторыю Беларусі дыверсійна-разведвальных груп" / Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь

— Думаю, што для расійскага войска гэта не дапамога. Хутчэй за ўсё, гэта проста дэманстрацыя [вайсковай сілы для Украіны. — Еўрарадыё], — лічыць Аляксандр Алесін. — Для Расіі было б лепш, калі Беларусь пакіне моцны заслон на заходняй і паўночна-заходняй мяжы і будзе ахоўваць паўднёвую мяжу батальённымі групамі. Беларусь — гэта тылавая база групоўкі, якая наступае на Кіеў. Для Расіі больш каштоўна, каб тут усё было ў парадку.

З іншага боку, я думаю, што ва ўкраінскім найвышэйшым камандаванні ёсць сілы, якія хацелі б пакараць Беларусь за тое, што яна дае сваю тэрыторыю ў якасці тылавой базы для расійскага войска. Дае аэрадромы, стартавыя пляцоўкі для пускаў ракет, тэрміналы для захоўвання паліва і боепрыпасаў. Як мне падаецца, калі б мяжу не закрылі, то ўкраінскія дыверсійна-разведвальныя групы цалкам маглі б здзяйсняць аперацыі на расійскіх аб'ектах у Беларусі.

 

Хай хоць танкі завядуцца

Уявім, што загад наступаць усё ж аддадзены. У якім стане знаходзіцца беларуская вайсковая тэхніка? Да Кіева зможа даехаць?

Белорусских срочников отправят в “украинскую мясорубку”? Прогноз экспертов

— На пытанне, ці ўсё ездзіць-страляе, можа адказаць толькі начальнік узбраення Мінабароны, — расказвае Еўрарадыё кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. — Наконт таго, ці досыць усяго — не, не ўсяго досыць. Беларускае войска на працягу апошніх трыццаці гадоў фінансавалася па рэшткавым прынцыпе.

Цалкам відавочна, што шэраг тэхнікі проста фізічна не можа выкарыстоўвацца. Акрамя таго, ёсць вялікае пытанне па наменклатуры боепрыпасаў, наколькі мы ёй забяспечаныя. Кампетэнтнасць найвышэйшага камандавання і камандавання на месцах публічна ацэньваць я не буду.

Белорусских срочников отправят в “украинскую мясорубку”? Прогноз экспертов
Танк на ўзмацненні дзяржаўнай мяжы / Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь

У рэпартажах дзяржТБ паказваюць, як беларускія танкі ўпэўнена фарсіруюць вадаёмы і страляюць дакладна ў цэль. Ці здольныя вайскоўцы праявіць сябе ў баі гэтаксама, як на палігонах? Дый ці гатовыя яны псіхалагічна ваяваць супраць украінцаў?

— Вы хочаце, каб па відэароліках вам далі ацэнку здольнасці? Вам паказваюць адзін экіпаж, і вы экстрапалюеце гэта на васемсот баявых машын пяхоты баявой і вучэбна-баявой груп эксплуатацыі? — дзівіцца Андрэй Паротнікаў. — А для таго, каб ацаніць маральна-псіхалагічны стан войскаў, трэба праводзіць маштабнае сацыялагічнае даследаванне. Мне невядома, ці праводзілі яго. Але мы можам зрабіць выснову пра настроі ў соцыуме, таму што войска — гэта зрэз грамадства.

У цэлым тыя тэндэнцыі, якія ёсць у грамадстве, таксама ўласцівыя войску з той ці іншай папраўкай на прафесійныя фактары. Я не бачу руху "за вайну" ўнутры беларускага грамадства. Практычна няма людзей, якія заклікалі б далучыцца да агрэсіі супраць Украіны.

 

Не зацяжная вайна, а "вельмі доўгі бліцкрыг"

Афіцыйна Крэмль не заяўляў пра тое, што Кіеў возьмуць за тры дні. Існуе меркаванне, што Масква першапачаткова разлічвала не на бліцкрыг, а на зацяжную вайну.

Белорусских срочников отправят в “украинскую мясорубку”? Прогноз экспертов
Украінскія вайскоўцы пазіруюць на фоне трафейнай расійскай тэхнікі / t.me/BiletskyAndriy

— Вядома, на найвышэйшым узроўні такога не казалі. Але яны не кажуць і пра тое, што ідзе вайна, адмаўляюць яе факт, — нагадвае Андрэй Паротнікаў. — Ёсць ускосныя прыкметы таго, што асноўны разлік быў на бліцкрыг. А як па-іншаму, калі на другі дзень вайны ў многіх расійскіх падраздзяленняў скончыліся сухія пайкі? Расіяне сталі зліваць салярку і прадаваць яе мясцовым жыхарам, каб купіць або выменяць паліва на ежу. Ніхто не рыхтаваўся да зацяжной вайны. Яны нават не верылі ў хуткасць рэагавання Захаду, таму ў выніку страцілі палову сваіх золатавалютных рэзерваў.

Белорусских срочников отправят в “украинскую мясорубку”? Прогноз экспертов
"Прыйшлі гэтыя двое сваімі нагамі ў райаддзел паліцыі і папрасілі сціпла саляркі". Пра кур'ёзны выпадак з расійскімі салдатамі 27 лютага расказвалі ўкраінскія СМІ / УНИАН — новости Украины

— Каб весці вайну, трэба назапашваць рэсурсы, канцэнтраваць іх на патрэбных кірунках. Трэба праводзіць мабілізацыйнае разгортванне войскаў, ствараць ваеннаабучаныя рэзервы, — тлумачыць Андрэй Паротнікаў. — Нічога гэтага не рабілася. Высокая імавернасць, што рашэнне пра ўварванне прымалася ў спешцы, "з колаў". Выявілася, што ў расіян фізічна не стае людзей, няма магчымасці ўпэўнена кантраляваць тэрыторыю. Людзі маральна аказаліся не гатовыя да таго, што іх чакаюць цяжкія баі. Ёсць прыклады, калі спраўная тэхніка не падарваная, а проста кінутая. Ёсць факты масавай здачы ў палон і гэтак далей.

Вайна — гэта комплексная гатоўнасць краіны, грамадства, вайсковай арганізацыі дзяржавы, і галоўнае — эканомікі да ўзброенага супрацьборства. Калі ў краіне за два дні знікае цукар ці няма запчастак для эксплуатацыі замежных самалётаў, то відавочна, што яны не пралічылі наступствы.

 

У чым пралічыліся штабы

Войскі РФ і УСУ нястомна рапартуюць пра свае ваенныя поспехі. Пра няўдачы на франтах кажуць не вельмі ахвотна. Пра якія стратэгічныя памылкі ўкраінскага і расійскага камандавання можна гаварыць ужо цяпер?

Белорусских срочников отправят в “украинскую мясорубку”? Прогноз экспертов
Галоўнакамандуючы УС Украіны Валерый Залужны і міністр абароны РФ Сяргей Шайгу / Еўрарадыё

— З украінскага боку гэта недаацэнка небяспекі. Праблема яшчэ ў тым, што ва Украіне, калі мяне памяць не падводзіць, за апошнія восем гадоў не быў выкананы ў поўным памеры ні адзін дзяржабаронзаказ, — расказвае Андрэй Паротнікаў. — Было вельмі шмат дзіўных рашэнняў. Дзеля чагосьці вялікія грошы ўкладваліся ў развіццё флоту, але пры гэтым буксавалі ракетныя праграмы. Калі б Украіна мела ракетны комплекс з далёкасцю хоць бы 500 кіламетраў, то, магчыма, Расія вельмі сур'ёзна задумалася б над перспектывай вайны.

З расійскага боку памылка — гэта недаацэнка праціўніка. Ні адзін з бакоў не рыхтаваўся да вайны належным чынам. Таму ўкраінцам давялося адступаць на пачатковым этапе, а расіяне не змаглі дасягнуць тых палітычных мэт, якія былі пастаўленыя перад імі кіраўніцтвам. Галоўны вынік — развянчанне міфа пра "другое па моцы войска свету". Гэта нясе ў сабе доўгайграючыя наступствы, якія адгукнуцца Расіі яшчэ не раз.

 

Адкрыйце гуманітарныя калідоры!

Дзясяткі тысяч украінцаў не могуць выехаць з разбураных вайной гарадоў. Масква ў гэтым абвінавачвае Кіеў: маўляў, "нацысты" наўмысна трымаюць мірных жыхароў у якасці жывога шчыта. А чым для Крамля можа быць выгадны зрыў гуманітарных калідораў?

Белорусских срочников отправят в “украинскую мясорубку”? Прогноз экспертов
Украінскія дзеці ў падвале, які стаў для іх бамбасховішчам / Laurence Geai / Lemonde.fr

— Тым, каб выклікаць сітуацыю гуманітарнай катастрофы і зламаць рашучасць да абароны. Асноўная мэта — выклікаць бунт унутры горада, каб цывільныя, якія апынуліся ў адчайным становішчы, прымусілі вайскоўцаў здацца, — тлумачыць Андрэй Паротнікаў. — Цывільнае насельніцтва ў гарадах стварае псіхалагічнае і лагістычнае напружанне для тых сіл, якія гэта насельніцтва абараняюць. Версія пра цывільных як пра жывы шчыт украінскага войска — распаўсюджаная памылка. Не будуць людзі жывым шчытом супраць 500-кілаграмовых расійскіх бомбаў.
 

"SWITCHBLADE 600" у дапамогу

Дык хто цяпер перамагае — расіяне ці ўкраінцы? Просім кіраўніка Belarus Security Blog расказаць пра цяперашнюю расстаноўку сіл.

— Відавочна, што абодва бакі выдыхліся. У расіян няма дастатковых людскіх рэзерваў. Ва Украіны праблема з узбраеннем. Цяпер ёсць пэўная хісткая раўнавага. Наколькі можна меркаваць, украінскае камандаванне будзе спрабаваць вяртаць кантроль над украінскай тэрыторыяй, лакальна перамолваючы расійскія войскі.

"Байрактары", мяркуючы па ўсім, ім паступаюць. Зараз ім перададуць яшчэ амерыканскія баражавальныя боепрыпасы SWITCHBLADE. Калі яны прыйдуць у мадыфікацыі, якая дазваляе паражаць цэлі на далёкасці да сарака кіламетраў, то гэта дазволіць украінцам адсунуць ад сваіх гарадоў расійскую артылерыю. Калі гэтых боепрыпасаў будзе шмат, пастаўкі будуць ісці пастаянна і яны будуць мець належную далёкасць, то гэта будзе вельмі сур'ёзнай падмогай на зямлі.

Белорусских срочников отправят в “украинскую мясорубку”? Прогноз экспертов
Запуск дрона-камікадзэ Switchblade 600 / avinc.com

— Калі разважаць з гістарычнага пункту гледжання, то ў дваццатым стагоддзі Расія не выйгравала ніводнай вайны, у якой ёй супрацьстаялі вядучыя індустрыяльныя і фінансавыя дзяржавы свету. У часе Другой сусветнай вайны Савецкі Саюз быў на баку такіх дзяржаў. А цяпер увесь Захад ператвараецца ў арсенал і кашалёк для Украіны.

Грошы на вядзенне вайны Украіна мае, а грошы — гэта самае галоўнае. З пункту гледжання доўгатэрміновай перспектывы гэта вельмі дрэнна для Расіі. Улічваючы тое, што ўсе суседзі ўбачылі, што расійскае войска не настолькі моцнае і магутнае, як гэта выглядала збоку, — падсумоўвае Андрэй Паротнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі