Вы тут

Беларускіх і расійскіх тэнісістаў афіцыйна адхілілі ад Уімблдона

Цяпер афіцыйна: тэнісістаў з Беларусі і Расіі "забанілі" на Уімблдоне / pixabay.com

Арганізатары Уімблдона вырашылі адхіліць заяўкі на ўдзел ад беларускіх і расійскіх тэнісістаў, паведамляецца на сайце турніру. Прычынай такога рашэння называецца вайна, развязаная Расіяй ва Украіне пры дапамозе Беларусі.

Раней пра такое рашэнне неафіцыйна напісала газета The New York Times са спасылкай на неназванага функцыянера міжнароднай тэніснай арганізацыі.

"Ва ўмовах такой неапраўданай і беспрэцэдэнтнай ваеннай агрэсіі для расійскага рэжыму было б непрымальна здабываць якія-небудзь выгады з удзелу расійскіх ці беларускіх гульцоў у турніры. Таму мы маем намер з глыбокім шкадаваннем адхіліць заяўкі расійскіх і беларускіх гульцоў на турніры 2022 года", — заяўляюць арганізатары Уімблдона.

Дарэчы, паводле неафіцыйных звестак, тэнісістаў з Беларусі і Расіі могуць адхіліць яшчэ ад двух турніраў на тэрыторыі Вялікабрытаніі. Гэта мужчынскі чэмпіянат каралеўскага клуба і жаночы міжнародны турнір у Істбарне, піша The Times.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.