Вы тут

The New York Times: тэнісістаў з Беларусі і Расіі не дапусцяць да Уімблдона

Санкцыі ў спорце / reuters.com

Тэнісістаў з Беларусі і Расіі сёлета не дапусцяць да ўдзелу ў Уімблдонскім турніры, паведамляе The New York Times са спасылкай на неназванага функцыянера міжнароднай тэніснай арганізацыі. Прычына вядомая — агрэсія Расіі супраць Украіны. Беларусь жа называюць "ключавым плацдармам для ўварвання".

Reuters піша, што пад санкцыі трапілі тэнісісты з Расіі. Беларускія тэнісісты не згадваюцца. Але гэта таксама неафіцыйная інфармацыя.

Раней арганізатары Уімблдона заявілі, што аб'явяць, ці дапусцяць да ўдзелу ў тэнісным турніры беларусаў і расіян, у сярэдзіне траўня. Яны праводзілі кансультацыі з брытанскім урадам. Магчыма, што пазіцыя Лондана стала больш жорсткай і рашэнне могуць аб'явіць раней (па некаторых звестках, ужо на наступным тыдні). Першапачаткова абмяркоўвалася магчымасць допуску беларускіх і расійскіх тэнісістаў у выпадку, калі яны пісьмова заявяць пра адсутнасць дзяржаўнага фінансавання і што "не будуць выказвацца ў падтрымку Пуціна, Расіі ці Беларусі".

Летась беларуска Арына Сабаленка дайшла да паўфіналу Уімблдона.

Турнір стартуе 27 чэрвеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.