Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю падоўжыла цэнавыя абмежаванні на мяса курэй і куранят-бройлераў у выглядзе частак тушкі. Рэгуляванне цэн, уведзенае ў кастрычніку, працягнутае яшчэ на 80 дзён. Адпаведная пастанова афіцыйна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Абмежаванні на "расчлянёных" курэй увялі ў кастрычніку пасля патрабавання Аляксандра Лукашэнкі. Ён звярнуў увагу, што птушкафабрыкі, якім увялі цэнавы кантроль на цэлыя курыныя тушкі, прыдумалі, як абыходзіць абмежаванні — сталі прадаваць іх па палавінках. Тады ж урад забараніў разбіраць курэй у крамах.