Беларускі трапілі ў клубнічнае рабства

Прачытаўшы аб’яву на слупе з прапановай сезоннай працы ў Польшчы па ўборцы клубніцаў, 12 жанчынаў з Гродна паехалі на заробкі і патрапілі ў працоўнае рабства. Надзея, арганізатар “туру”, абяцала гарадзенкам за месяц працы заробак ў 450 еўра і вышэй, і што яны будуць жыць у летнім доміку з душам, ваннай і прыбіральняй, і што ў іх будзе добрае чатырохразовае харчаванне. Жанчынам нават аплацілі візы і дарогу. Але рэчаіснасць апынулася не такой ружовай, як было наабяцана.

Адна з пацярпелых, Лілія, нават звольнілася з працы, каб паехаць на заробкі. Вось як яна апісвае ўмовы жыцця ў пана Романа Дамброўскага з вёскі Цэпелюў, куды іх прывезлі.

Лілія: “Нас пасялілі ў куратніку і далі надзіманыя матрацы, які здзімаліся кожныя 4 гадзіны. За ноч мы па 2 разы падымаліся, каб іх надзьмуць. Душ быў з халоднай вадой і такі страшны, што там немагчыма было мыцца. Нас кармілі самым танным паштэтам, які ў яго быў, рабілі канапкі 4 разы ў дзень”.

На ноч дзверы куратніка запіралі на замок. Жанчыны паспрабавалі адразу выказаць свае прэтэнзіі гаспадару, але ён не звярнуў на іх ніякай увагі. На працу выходзілі а 5 раніцы, заканчваўся працоўны дзень а 10 вечара. Вады не хапала, спёка, і нават клубніцы есці забаранялася. Заробак налічваўся ад выпрацоўкі, але беларусак, кажа Лілія, ставілі на такія ўчасткі, дзе зарабіць было немагчыма.

Лілія: “Нас накіроўвалі збіраць самыя дробныя клубніцы. Калі прапускалі адну-дзве ягадзіны на радзе, нас прымушалі праходзіць яго ад пачатку. Перабіралі гнілую, за якую нам не даплочвалі. Калі полькі атрымлівалі па 100 злотых у дзень, то мы – па 10-15”.

Жанчынам не аказвалася ніякай медыцынскай дапамогі. Калі ў адной з іх надарыўся інсульт, “хуткую” выклікаў не гаспадар, а трактарыст, які не мог спакойна глядзець на чужыя пакуты. Медыкі зрабілі ўкол і параілі пакласці жанчыну ў шпіталь. Парада засталася непачутай.

Беларускі пратрымаліся тыдзень. Як высветлілася, тыя, хто не адпрацаваў поўны тэрмін кантракту, павінны заплаціць штраф 2500 еўра. Але нарэшце цярпенне скончылася, і жанчыны патэлефанавалі на “гарачую лінію” па бяспечным выездзе і перабыванні за мяжой брэсцкага “Клуба дзелавых жанчын”. Кіраўнік клуба Ларыса Істомава адразу падключыла на дапамогу праваахоўныя органы і Міністэрства замежных спраў.

Ларыса Істомава: “Звязаліся з аддзелам па супрацьдзеянні гандлю людзьмі. Яны, у сваю чаргу, звязаліся з МЗС. У выніку 9 чалавек былі вызваленыя”.

Як распавёў Еўрарадыё прэс-сакратар беларускай амбасады ў Варшаве Дзмітры Выбарны, па жанчын адразу выслалі машыну.

Дзмітры Выбарны: “9 чэрвеня кіраўнік консульскага аддзела амбасады на мікрааўтобусе дыппрадстаўніцтва выехаў на месца, і ўначы з 9 на 10 чэрвеня нашы суайчыннікі былі прывезены ў Гродна”.

Жанчынам нават заплацілі нейкія грошы. Але Лілія кажа, што нягледзячы на гэта яна засталася віннай пану Дамброўскаму каля 300 злотых. Як прызналіся беларускі, яны падпісалі кантракт, не вывучыўшы яго дасканала. Пацярпелая ад “клубнічнага туру” Лілія патлумачыла Еўрарадыё, чаму так атрымалася.

Лілія: “Нам іх далі за 5 хвілінаў да цягніка ў Кузніцы. Яны былі на польскай мове. Мы іх прачыталі, сэнс, у прынцыпе, быў зразумелы, але дакладна перакласці ўсё ж не змаглі”.

Прэс-сакратар беларускай амбасады Дзмітры Выбарны кажа, што яны паведамілі ў польскую паліцыю пра паводзіны грамадзяніна Польшчы пана Дамброўскага ў адносінах да нанятых ім замежных працаўнікоў. І зрабіць штосьці больш, каб несумленны працадаўца быў пакараны, не здольныя – гэта кампетэнцыя польскай паліцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі