Вы тут

Беларускі свабодны тэатр зняўся ў кліпе ўкраінскага гурта “Бумбокс”

Кадр з кліпа

Акцёры Беларускага свабоднага тэатра зняліся ў кліпе ўкраінскага гурта “Бумбокс” на песню “Голы кароль” з яго свежага аднайменнага альбома. Усяго на кампазіцыю былі зробленыя дзве версіі музычнага відэа.

Першая, дакументальная, атрымала назву “На дыванах”. Яе прэзентавалі сёння раніцай. У кліпе паказаная праца музыкаў у студыі. А пастановачная версія — “Сорам у музеі” — будзе прадстаўленая сёння ў 20.00. Акурат у ёй і знялася трупа Свабоднага тэатра.

Музыкі абяцаюць нешта сенсацыйнае: тронную залу на станцыі кіеўскага метро, бойку курыцай-грыль, ганебны выпадак у Мастацкім музеі, дэбош у супермаркеце і сукенку з сэкс-шопа.

Адзначым, што гэта ўжо не першы досвед працы беларусаў з “Бумбоксам”. У 2015 годзе ўкраінскі гурт па запрашэнні тэатра выступіў сумесна з Дэвідам Гілмарам у акцыі “I'm with the Banned”. Акцыя праходзіла ў Лондане і была прысвечана свабодзе мастацкага выяўлення. Летась Свабодны тэатр праехаў па свеце з гастролямі са спектаклем “Burning Doors”, саўндтрэкам у якім гучала музыка “Бумбокс”.