Беларускі найміт ва Украіне быў супрацоўнікам КДБ — СБУ

Максім Зязюльчык у палоне / ssu.gov.ua
Максім Зязюльчык у палоне / ssu.gov.ua

Беларус Максім Зязюльчык, які ваяваў ва Украіне ў шэрага прыватнай ваеннай кампаніі "Рэдут" і трапіў у палон, быў супрацоўнікам КДБ Беларусі. Пра гэта заяўляе прэс-служба СБУ.

Як паведамлялася раней, Зязюльчык — ураджэнец Рудзенска. Ён служыў у войску паводле кантракту, калі пачалася расійская агрэсія супраць Украіны. Ад камандзіра сваёй часці ён даведаўся пра ПВК "Рэдут" і вырашыў пайсці ў наёмнікі. У ліпені 2022-га прыехаў у расійскі Тамбоў і завербаваўся на фронт. Ва Украіну яго адправілі ў якасці кулямётчыка-рэтранслятара. 19 верасня 2022-га хлопца ўзялі ў палон.

У СБУ сцвярджаюць, што насамрэч Зязюльчык быў агентам КДБ. У снежні 2020 года яго залічылі ў склад 2-га антытэрарыстычнага аддзела КДБ на пасаду разведчыка. Пасля пачатку вайны ён нібыта атрымаў заданне займацца разведвальна-падрыўной дзейнасцю супраць Украіны.

У адпаведнасці з "легендай" ён мусіў дзейнічаць пад выглядам замежнага найміта, а сабраную разведінфармацыю перадаваць у Мінск праз сувязнога. У СБУ сцвярджаюць, што асноўнай задачай Зязюльчыка быў збор звестак пра ўзоры замежнага ўзбраення, якія паступаюць падраздзяленням УСУ ад заходніх партнёраў. Таксама ён нібыта спрабаваў разведаць планы магчымага ўдзелу расійскіх ПВК у спробах адхілення Лукашэнкі ад улады.

Ва Украіне Зязюльчыка асудзілі на 10 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі