Беларуская школа можа вярнуцца да пяцібальнай сістэмы ацэнак

Беларуская школа можа вярнуцца да пяцібальнай сістэмы ацэнак

Вяртанне да пяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў прапануецца абмеркаваць у Беларусі. Пра гэта пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў віцэ-прэм'ер Васіль Жарко.

"Дзесяць гадоў як у краіне ўведзена дзесяцібальная сістэма навучання. Шмат пытанняў стаіць па дзесяцібальнай сістэме. Гэта часам бывае і суб'ектывізм у ацэнцы.

І ў нас няма нездавальняючай ацэнкі. Таму што адзін бал — гэта таксама ацэнка ведаў. Раней [пры пяцібальнай сістэме. — Еўрарадыё] разумелі: адзінка, двойка — гэта нездавальняючыя адзнакі. Таму трэба вынесці на абмеркаванне грамадскасці. Можа быць, і вярнуцца да пяцібальнай сістэмы”, — цытуе віцэ-прэм’ера БелТА.

Насамрэч, дзесяцібальная сістэма ацэнкі ведаў была ўведзеная ў Беларусі не 10, а 15 гадоў таму — у 2002 годзе. “Незадавальнаючай” і “амаль задавальняючай” адзнакамі па ёй лічацца 1 і 2. 3 і 4 — “задавальняюча” і “даволі задавальняюча”. І гэтак далей. Няшмат хто ведае, што сістэма, якая зараз дзейнічае ў беларускіх школах, насамрэч не 10-бальная, а 11-бальная: у ёй таксама існуе ацэнка “0”, але на практыцы яе ставяць вельмі рэдка.

Беларуская школа можа вярнуцца да пяцібальнай сістэмы ацэнак
Васіль Жарко. Фота: Onliner.by

Тады ж, у 2002 годзе была вызначаная адпаведнасць паміж 5-бальнай і 10-бальнай сістэмай. Але Васіль Жарко сцвярджае, што 10-бальную сістэму ацэнкі ведаў дагэтуль нехта не разумее:

"Каб кожны разумеў: чатыры, значыць, чатыры. Пяць, значыць — выдатнік. Няма суб'ектывізму. Што такое 4 з мінусам, 4 і 4 з плюсам [па старой сістэме. — Еўрарадыё] — 6, 7, 8. Дзе грань паміж шасцёркай і сямёркай, сямёркай і васьмёркай?"

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што, каб перавесціся на бюджэтную форму навучання, акрамя ўдзелу ў грамадскім жыцці і іншых крытэраў, патрэбныя ацэнкі як мінімум у 7 балаў. "Адзін выкладчык паставіў 6, іншы паставіў 7. Але і там чатыры, і там чатыры [па пяцібальнай сістэме]. Аляксандр Лукашэнка, выслухаўшы прапанову, падкрэсліў, што гэтае пытанне, перш чым прымаць якое-небудзь рашэнне, неабходна вельмі добра абмеркаваць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі