Вы тут

Беларусі і Расіі трэба прывыкнуць жыць у стане пастаяннай пагрозы — Пяскоў

Дзмітрый Пяскоў / Reuters​

Расіі і Беларусі трэба прывыкнуць жыць у стане пастаяннай знешняй пагрозы, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў у эфіры Беларускага тэлебачання.

"Мы і паасобку — Беларусь і Расія, і разам з'яўляемся пастаяннай мэтай і аб'ектамі нападак з боку іншых краін. Нам проста трэба прывыкнуць жыць у стане знешняй пагрозы, стане, калі знешняе навакольнае асяроддзе агрэсіўнае, варожае і непрыязнае", — сказаў ён.

Паводле яго слоў, з такой варожай палітыкай сутыкаюцца і іншыя дзяржавы, "але толькі лічаныя адзінкі краін здольныя і могуць годна даваць адпор такім праявам".

Напярэдадні прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падчас паслання Федэральнаму сходу казаў пра "спробу дзяржаўнага перавароту" ў Беларусі і пра тое, што гэтыя падзеі не выклікалі асуджэння "ў так званага калектыўнага Захаду". У змове і спробе дзяржаўнага перавароту беларускія спецслужбы абвінавацілі чатырох чалавек, у тым ліку літаратуразнаўца Аляксандра Фядуту, юрыста Юрыя Зянковіча, старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Хто чацвёрты, пакуль невядома.

Сёння Аляксандр Лукашэнка паляцеў з візітам у Маскву. Запланаваная яго сустрэча з Пуціным. Мяркуецца, што яны абмяркуюць шырокі спектр пытанняў: ад барацьбы з COVID-19 да міжнароднага парадку дня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.