Вы тут

Беларусам трэба забараніць асабістае меркаванне? (падкаст)

Стась Карпаў. Фота: "Наша Ніва".

9 лютага беларуская пісьменніца Таццяна Заміроўская, якая зараз жыве ў ЗША, апублікавала на сайце The Village артыкул “пра тое, чаму беларусам трэба забараніць асабістае меркаванне”. Тэкст прадказальна выклікаў шквал меркаванняў. Як гэта – забараніць? А што ж ад нас, беларусаў, застанецца без магчымасці выказацца пра Харві Вайнштэйна, батл-рэп, Насцю Рыбку ці яшчэ што-небудзь бясконца далёкае, але чамусьці вельмі важнае тут і зараз?

За меркаваннямі, на думку Заміроўскай, часцяком хаваецца булінг – псіхалагічны тэрор – ці банальныя спробы аблаяць каго-небудзь, пры гэтым загадзя застрахаваўшы сябе ад адказу. Лічу, што “Белсат” памыляецца, калі запускае рускамоўныя праграмы. Ці наадварот: лічу, што “Белсат” усё слушна робіць. Напісаў – і быццам бы асабістай значнасці ў сусвеце паболела. І ўсё. Што тут адкажаш? Гэта ж проста меркаванні! Цяпер жывіце з імі.

Таццяна Заміроўская. Фота: literratura.org

Пра меркаванні як схаваную аснову беларускай свядомасці – і пра тое, ці трэба браць чужыя меркаванні да ўвагі; пра тое, чым “інфлюэнсеры” і “лідары меркаванняў” адрозніваюцца ад экспертаў; пра тое, ці сапраўды нам так важна, каб з намі лічыліся – ці калонка Заміроўскай гэта проста чарговая спроба запіхнуць беларусаў у чарговыя вузкія і нязручныя рамкі, Еўрарадыё ў жывым эфіры паразмаўляла са Стасем Карпавым – паэтам і публіцыстам, арганізмам мужчынскага полу і аўтарам шматлікіх меркаванняў у “Фэйсбуку”.