Вы тут

Беларусь зноў заявіла Расіі, што чакае зніжэння коштаў на газ

Беларусь чакае, што Расія знізіць кошт на газ / pixabay.com

Беларусь зноў прапанавала Расіі перагледзець кошты на газ у 2020 годзе. Адпаведная прапанова прагучала падчас перамоваў, якія 9 чэрвеня правялі міністр энергетыкі нашай краіны Віктар Каранкевіч і яго расійскі калега Аляксандр Новак. Перамовы прайшлі ў фармаце відэаканферэнцыі, паведаміла агенцтву БЕЛТА прэс-сакратар Мінэнерга Вольга Казловіч.

Таксама ў іх прынялі ўдзел амбасадар Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка і старшыня назіральнага савета, намеснік кіраўніка апарата праўлення — дарадца старшыні праўлення "Газпрама" Аляксандр Мяшкоў.

Гаворка ішла аб разліках за газ, пастаўлены ў Беларусь у 2020 годзе. "Газпрам" налічыў Беларусі запазычанасць у 165 мільёнаў долараў. У сваю чаргу, афіцыйны Мінск заяўляе, што гэта спрэчкі паміж суб'ектамі гаспадарання. На сённяшніх перамовах беларускі бок паўтарыў: каб урэгуляваць спрэчкі, "Газпрам трансгаз Беларусь" павінен падаць методыку вызначэння фактычнай сярэднямесячнай цеплыні згарання прыроднага газу з метралагічным пацвярджэннем яе прыдатнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі.

Беларускія ўлады настойваюць на тым, што Расія павінна знізіць кошт газу. "За мінулы перыяд 2020 года захоўваецца тэндэнцыя да зніжэння коштаў на расійскі газ, які пастаўляецца ў Еўропу — як спотавых, так і па доўгатэрміновых кантрактах. У сувязі з гэтым беларускі бок у чарговы раз адзначыў неабходнасць перагляду коштаў на газ для Беларусі з вызначэннем яе карэктнага і справядлівага ўзроўню", — заявілі ў Мінэнерга.

Як паведамлялася раней, "Газпрам" адмаўляецца зніжаць кошты, спасылаючыся на кантракт, падпісаны 14 лютага. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.