Вы тут

Беларусь зноў просіць дыялогу з Захадам

Выступленне беларускага дыпламата прагучала на пасяджэнні Камісіі ААН па народанасельніцтве і развіцці / Reuters

З вельмі эмацыйнай прамовай выступіў на пасяджэнні Камісіі ААН па народанасельніцтве і развіцці намеснік пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН Павел Яўсеенка. Гаворка ішла пра санкцыі супраць Беларусі.

Ён назваў "верхам цынізму" выкарыстанне харчавання і лагістычных ланцужкоў у якасці "інструмента палітычнага ціску і эканамічнага шантажу". Меліся на ўвазе пастаўкі беларускага калію.

Ён нагадаў, што "Беларусь ужо другі год жыве ва ўмовах санкцыйнага ціску калектыўнага Захаду". Пры гэтым "эканоміка нашай краіны паспяхова спраўляецца з уплывам гэтых негатыўных мер уздзеяння на яе", — цытуе Яўсеенку агенцтва Sputnik.

А вось пра эканомікі заходніх краін, на думку дыпламата, такое сказаць немагчыма. Ён заклікаў да спынення агрэсіўнай палітыкі і заявіў, што Беларусь гатовая да працягу "канструктыўнага ўзаемавыгаднага і паважлівага супрацоўніцтва з усімі міжнароднымі партнёрамі".

Нагадаем, раней прадстаўнікі беларускай улады ўжо рабілі спробы аднавіць дыялог з заходнімі краінамі. У прыватнасці, у сярэдзіне красавіка стала вядома пра ліст кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея, які ён накіраваў калегам з шэрагу еўрапейскіх краін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.