Вы тут

"Спроба стварыць алібі": навошта Макей напісаў ліст Захаду

За мяжой афіцыйнаму Мінску ніхто не верыць / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Захад не пойдзе на дыялог з беларускім рэжымам, паколькі лічыць яго злачынным і залежным ад Расіі, мяркуюць эксперты. Пісалі беларускія ўлады ў Брусель з цэлага шэрагу прычын: тут і спроба адхрысціцца ад злачынстваў Расіі, і імкненне трапіць на перамовы па бяспецы рэгіёна.

Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, за кошт чаго рэжым Лукашэнкі спрабуе выбрацца з цяжкага палітычнага і эканамічнага становішча і чаму гэта не спрацуе.
 

Рэжым прапануе пустыя дэкларацыі без рэальных змен

Ліст Уладзіміра Макея заходнім палітыкам з заклікам да дыялогу — стварэнне інфармацыйнага шуму вакол Беларусі, каб адцягнуць увагу ад больш важных падзей, упэўнены палітолаг Павел Усаў.

Уладзімір Макей / Еўрарадыё

Міністэрства замежных спраў функцыянуе як нейкі элемент беларускай прапаганды і агульнай маніпуляцыі. Фактычна тое, што робіць Міністэрства замежных спраў Беларусі, не адпавядае таму, што потым рэалізуе Лукашэнка і яго найбліжэйшае атачэнне.

Яскравы прыклад — заява Макея пра тое, што расійскія войскі пакінуць Беларусь пасля вучэнняў "Саюзная рашучасць".

Фармальна такія лісты і заявы павінны падкрэсліць, што Беларусь застаецца суб'ектам знешняй палітыкі, хоць гэта не так. А што да сур'ёзных праблем, ад якіх спрабуюць адцягнуць увагу, — гэта саўдзел Беларусі ў агрэсіі Расіі.

Дыялог, да якога заклікае Макей, павінен змяніць статус Беларусі ў гэтай вайне з агрэсара да нейтральнай краіны, што не мае абсалютна нічога агульнага з рэальнасцю.

Акрамя бессэнсоўных дэкларацый, ніякай каштоўнасці такія крокі беларускіх уладаў не нясуць. Не збіраецца рэжым і мяняць што-небудзь ва ўнутранай палітыцы, упэўнены эксперт.

Колькасць палітвязняў у Беларусі пастаянна расце / Еўрарадыё

Гэта працяг спроб маніпуляваць каштоўнасцямі [суверэнітэт і незалежнасць. — Еўрарадыё], якія на самай справе ні для Макея, ні для Лукашэнкі ніякага значэння не маюць.

Тым больш тэрор і рэпрэсіі працягваюцца. І за дэкларацыямі "давайце размаўляць" рэальных крокаў хоць бы па змякчэнні ўнутрыпалітычнай сітуацыі няма.

Акрамя таго, на Захадзе не стануць гаварыць з Беларуссю, паколькі там цяперашняя ўлада ўспрымаецца як злачынная.

Ніхто сур'ёзна не ўспрымае заявы пра суверэнітэт, незалежнасць, — працягвае Павел Усаў. — Спробу навязаць дыялог можна разглядаць як дзеянне ў роспачы. Ніякіх сумневаў не выклікае сур'ёзнасць эканамічнага эфекту санкцый у дачыненні да Беларусі. Неабходна шукаць кампенсацыю ў Расіі, але кампенсаваць мільярдныя страты Расія не зможа, таму што грошай там няма. Таму будуць спробы знайсці пралазы, каб прынамсі санкцыі былі змякчаныя.
 

"Спроба паказаць, што гэта не нашы злачынствы"

З тым, што Захад не пойдзе насустрач Мінску, згодны гісторык Аляксандр Фрыдман. Па сутнасці, публікацыя ліста ў адкрытым доступе — і ёсць адказ Еўрасаюза.

Тое, што ліст з'явіўся, з аднаго боку, нечакана. А з іншага боку, гэта такі інтэлігентны крок з боку Макея. Думаю, пісаў ён яго, параіўшыся з Лукашэнкам ці гэта быў загад з боку Лукашэнкі. Макей гэта не той чыноўнік сёння, які будзе нешта рабіць без Лукашэнкі.

Новай рыторыкі ў лісце няма, аднак вайну Макей называе вайной, а не спецыяльнай аперацыяй.

Цікава, што ён адправіў гэты ліст 6 красавіка. Мне здаецца, не выпадкова. Гэта адбылося адразу пасля таго, як увесь свет даведаўся пра катастрофу ў Бучы. І калі гэтае пытанне абмяркоўвалася на міжнародным узроўні, беларускія ўлады адмоўчваліся. Гэта спроба паказаць, што гэта не нашы злачынствы, мы да гэтага не маем ніякага дачынення. Тое, што гэты ліст з'явіўся адразу пасля Бучы, — спроба стварыць свайго роду алібі.
 

Лукашэнка хоча, каб Беларусь зноў была "шэрай зонай"

Таксама ліст паказвае, што Макей і Лукашэнка разумеюць, што "аперацыя" Расіі ідзе зусім не так, як задумвалася. Разумее Лукашэнка і тое, што ў яго будуць праблемы незалежна ад таго, як скончыцца вайна, адзначае Аляксандр Фрыдман.

Калі Пуцін пацярпіць паразу, то лёс Лукашэнкі вырашаны. Калі пераможа, то расійскі бок зоймецца пытаннем, каго паставіць у Мінску: чалавека больш лаяльнага, які прызнае Бучу фэйкам без знешняй дапамогі. Таму Лукашэнка імкнецца рабіць крокі для дыстанцыявання ад Расіі. Каб атрымаць яшчэ нейкі шанц у выпадку, калі Расія прайграе.

Разбураная Буча / Еўрарадыё

Хоць усе аргументы пра незалежнасць, хаўрусніцкі абавязак на Захадзе не спрацуюць, крок Макея нядрэнны, лічыць эксперт.

Была такая спроба: калі пашанцуе, нейкія адносіны можна будзе выбудоўваць, калі не, то беларускі бок зафіксаваў сваю пазіцыю. Каб на Захадзе ведалі, што Лукашэнка не кінуўся адразу заяўляць, што Буча — гэта фэйк.

Ліст даказвае, што Лукашэнка хоча дамагчыся ўдзелу ў перамовах па новай сістэме гарантый бяспекі ў рэгіёне, кажа палітык Андрэй Дзмітрыеў. Гэта прынесла б Лукашэнку значныя палітычныя выгады.

Менавіта гэта галоўная палітычная задача кіраўніцтва краіны. Усе чакаюць, чым скончыцца новае наступленне расійскага войска ва Украіне. Ад яго вынікаў будзе залежаць вельмі шмат у рашэннях улады. Але задача, каб Лукашэнка быў за сталом мірных перамоў, застанецца ў кожным разе. Як і спроба пастарацца быць шэрай зонай паміж Расіяй і Захадам, на гэтым утрымаць уладу і яшчэ і зарабляць, — кажа на заканчэнне Андрэй Дзмітрыеў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.