Беларус, якога на расійскім ТБ выдалі за ўкраінца, кажа, што не браў грошай

Беларус, якога на расійскім ТБ выдалі за ўкраінца, кажа, што не браў грошай

Мінчук Віталь Юрчанка звязаўся з рэдакцыяй "Нашай нівы" і пацвердзіў, што гэта яго паказалі ў сюжэце на расійскім Першым канале і прадставілі ўкраінцам, "расчараваным удзельнікам Еўрамайдана". Першым напісаў пра падман вядомы блогер Ілля Варламаў. Ён сведчыў, што герой сюжэта "Кірыл Чубенка" насамрэч з'яўляецца беларусам Віталём Юрчанкам, выпускніком БДУ, які не мае ніякіх адносін да Еўрамайдана ў Кіеве ў 2013-м.

На Першым канале "украінец" гаварыў: "Нічога мне асабіста не даў "Еўрамайдан", вось паглядзіце, дзе мы апынуліся. Можна было глядзець у будучыню, а мы ў будучыні засталіся без цяпла, з дарагой энергіяй і невядома, калі гэта скончыцца. Як перажыць зіму, як дзяцей адпраўляць у школу?"

Што цяпер кажа Юрчанка? "Хлопец бясконца паўтараў, што яму сорамна за гэтую сітуацыю", — піша "Наша ніва".

"Я працаваў аналітыкам у беларускай кампаніі, якая з’яўляецца пасярэднікам між тэлеканаламі і аператарамі па ўсім свеце, — распавядае Віталь Юрчанка. — Напрыклад, дзесьці здараецца землятрус — і тэлеканалам трэба адтуль ролік, мы шукаем аператара. Прыйшла замова ад Першага канала Расіі зняць сям’ю ці чалавека ў Крывым Розе ва Украіне, які пакутуе ад адсутнасці газу і дарагога ацяплення. Такога чалавека знайшлі, знялі матэрыял, даслалі нам. Сам я паводле сваёй працы ніяк не ўзаемадзейнічаю з аператарамі, таму я зусім не быў у курсе, што яны здымаюць. Потым высветлілася, што ў матэрыяле з Крывога Рога быў кепскі гук. Яго было нельга адпраўляць заказчыку. Прынялі абсалютна няслушнае рашэнне перазняць сюжэт з такім самым тэкстам, што зрабілі ў Крывым Розе. Я не ведаю, ці падпісалі імя таго ж чалавека".

Па словах Юрчанкі, яму прапанавалі зняцца ў якасці героя (нібыта, яго выбралі з-за таго, што ён новы работнік, працуе толькі чатыры месяцы). "Я сумняваўся, але паехаў здымацца, — кажа хлопец. — Я пабаяўся адмовіцца, хаця ўвесь час сумняваўся. Змаладушнічаў ці што. Калі ўжо знялі матэрыял, то я нейкі час пахадзіў, пасля папрасіў нічога, не адпраўляць у Маскву. А мне сказалі на гэта, што матэрыял ужо даслалі. Замоўца з Першага канала не быў у курсе, што так адбылося".

Юрчанка кажа, што ў дзень эфіру некалькі яго знаёмых пабачылі гэты фэйкавы сюжэт і сказалі нямала "непрыемных словаў". Цяпер яму "сорамна да самай высокай ступені" і ён просіць прабачэння "ва ўсіх, хто гэта бачыў і не бачыў". Хлопец сцвярджае, што грошай за ролік ён не атрымліваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі