Беларусь узбройваецца з "прыцэлам" на Газпром?

Увесь тыдзень прэса і аналітыкі гадалі, на каго будуць нацэленыя новыя суперсучасныя ракеты "Іскандэр", якія Расія паставіць нам "па сяброўству". Хоць, здавалася б, што тут гадаць? Самі ж расійскія генералы публічна выдаюць "ваенную таямніцу". "Сябраваць" будзем супраць амерыканскай сістэмы Супрацьпаветранай абароны.

"Пастаўка ў Беларусь "Іскандэраў" можа стаць варыянтам адказу на размяшчэнне ў Чэхіі і Польшчы элементаў амерыканскай сістэмы супрацьракетнай абароны", — гаворыць начальнік ракетных войскаў і артылерыі Расіі Уладзімір Зарыцкi. Тым больш, што "Іскандэр" — гэта не толькі абарончая зброя. Такія ракеты могуць паражаць "аб'екты сістэм супрацьпаветранай абароны, авіяцыю на аэрадромах, важныя аб'екты грамадзянскай інфраструктуры".

Радыус паражэння — 280 кіламетраў. Віцэ-прэзідэнт расійскай Акадэміі геапалітычных праблем Уладзімір Анохін у інтэрв'ю газеце "Взгляд" гаворыць, што "еўрапейцам будзе "вельмі няўтульна" ведаць, што лётны час нашых ракет — некалькі хвілін". Тым не менш, аналітыкі называюць эфект ад такіх ракет "хлапушачным". Але ж разгорнутыя яны будуць пад Асіповічамі.

Як сказаў незалежны вайсковы эксперт Павел Фельгенгаўэр у інтэрв'ю "Белгазеце", "вартых цэляў з Беларусі гэтымі ракетамі не дастанеш. Няма ў іх ніякага сэнсу з ваеннага пункта гледжання. Расія ў прынцыпе не можа паставіць у Беларусь узбраенне, здольнае дастаць амерыканскія СРА ў краінах Усходняй Еўропы.

У радыусе 280 км ад нашай мяжы няма фізічна вартых цэляў, як няма і канцэнтрацыі варожых войскаў. Гэтая здзелка — частка нашай антыамерыканскай рыторыкі, якая вядзе да пагаршэння адносінаў, чым натхняюцца вайскоўцы".

Нелагічны пляскач пад носам у стратэгічнага праціўніка, які ўсё разумее, аналітык тлумачыць камерцыйнымі інтарэсамі Расіі.

"Я не выключаю, што ўся гэта схема задумана для перапродажу ўзбраенняў зацікаўленым краінам на Блізкі Усход. Пастаўкі ў Беларусь могуць быць папярэднім этапам перад перапродажам "Іскандэраў" у Сірыю. Або Іран. Альбо кантракт рэкламуюць для павелічэння напружанасці ў адносінах Расіі з Захадам, што таксама важна".

Вельмі няўтульна павінна быць і беларусам. Па-першае, таму што сістэма СРА, якую ЗША разгортвае ва Усходняй Еўропе, будзе збіваць магчымыя цэлі на падлёце над… тэрыторыяй нашай краіны. Па-другое, таму што за рэкламныя "Іскандэры" мы Расіі заплацім, няхай нават са зніжкамі.

Але часам за сяброўства трэба плаціць. Не выпадкова самы "верны" сябар беларускіх уладаў Аляксандр Праханаў у інтэрв'ю радыё "Эхо Москвы" пра здзелку з ракетамі гаворыць з бліскучымі вачыма:

"Мае вочы ззяюць. Я лічу, што гэта зроблена правільна. Гэта яшчэ раз пацвярджае, як беражліва Расія павінна абыходзіцца з Беларуссю. Той леташні газавы скандал, калі Расія ледзь не адшпурнула Беларусь, грэбуючы гэтай геапалітычнай перавагай… Мы можам давяраць Лукашэнку. Ён наш стратэгічны сябар. Больш за тое, у Лукашэнкі няма выхаду. Ён будзе з намі сябраваць".

Так што, цалкам магчыма, Беларусь узбройваецца "з прыцэлам" на "Газпром".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі