Вы тут

Беларусь працягнула ліцэнзаванне імпарту з Украіны: за неканструктыўны падыход

Мінск паслаў сігнал Кіеву / pixabay.com

Беларусь працягнула ліцэнзаванне імпарту асобных тавараў з Украіны, у тым ліку прадукцыі, аналагі якой вырабляюць прадпрыемствы "Беллеспаперпрама". Адпаведную пастанову Саўмін прыняў 7 снежня. Падкрэсліваецца, што гэта "адказ на неканструктыўны падыход". Урад спасылаецца на "сістэматычныя парушэнні Украінай прынцыпаў свабоднага гандлю".

Пад ліцэнзаванне патрапілі шпалеры, пліты драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя, туалетная папера, асобныя віды кардоннай і папяровай упакоўкі, мэбля, адзначае "Беллеспаперпрам". "Белдзяржхарчпрам" паведамляе пра ліцэнзаванне паставак шакалада, кандытарскіх вырабаў, печыва, піва. Беларускія "санкцыі" для Украіны, якая не прызнае Аляксандра Лукашэнку легітымным кіраўніком?

Беларусь увяла ліцэнзаванне на шэраг тавараў з Украіны ў канцы вясны 2021-га.

А тым часам Украіна працягвае нарошчваць пастаўкі беларускага бензіну. Як паведамляе Кансалтынгавая група А-95, пастаўкі за лістапад выраслі на 10% у параўнанні з лістападам мінулага года і склалі 94,4 тысяч тон. Рост ідзе ўжо 6 месяцаў запар.

Таксама ў сераду стала вядома, што Украіна адмяніла спецпошліну ў 35% на імпарт беларускіх аўтобусаў, грузавых аўто і спецтэхнікі (яна была ўведзеная ў красавіку).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.