“Беларусь сегодня” надрукавала кампрамат на “змагара з ДАІ” Целагрэйкіна

“Беларусь сегодня” надрукавала кампрамат на “змагара з ДАІ” Целагрэйкіна

“Беларусь сегодня” надрукавала кампрамат на ананімнага “лідара кампаніі грамадзянскага непадпарадкавання інспектарам ДАІ”. Не складана здагадацца, што гутарка вядзецца пра блогера Васіля Целагрэйкіна. Аўтар Раман Рудзь з падачы міліцыі піша пра два эпізоды з яго біяграфіі. Першы — пра выключэнне ў 1995-ым з Акадэміі МУС. 

“Будучы змагар за правы кіроўцаў спрабаваў “піхнуць” на Камароўскім рынку 15 каробак з цыгарэтамі “Апал”, выдаваючы іх за блокі цыгарэт “Мальбара”. На гэтай здзелцы ён меў намер “зарабіць” 3000 долараў. Але своечасова атрымаў па руках…” — расказвае “Беларусь сегодня”.

Другі эпізод звязаны з крымінальнай справай, якую таксама распачалі каля 20 год таму.

“Асуджаны К. і пяць яго саўдзельнікаў прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні 2 лютага 1995 года крадзяжу маёмасці ў асабліва буйным памеры шляхам разбойнага нападу групай асоб, з пранікненнем у жытло, з прычыненнем пацярпеламу менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў, на суму 7000 долараў ЗША”, — спасылаецца “Беларусь сегодня” на пастанову суда.

Таксама сказана, што абвінавачаны трапіў пад дзве амністыі і адсядзеў 4,5 года. Атрымліваецца, што на волю выйшаў каля 15 год таму.

Лейтматыў допісу такі: паглядзіце, які злачынца аб’явіў вайну інспектарам ДАІ!

Тэлефануем на нумар Аляксандра (сапраўднае імя Васіля Целагрэйкіна), слухаўку здымае Дзяніс Шарамет — яго партнёр па інтэрнэт-праекце. Ён не чытаў матэрыял у “Беларуси сегодня”, але пацвярджае, што ў “ліхія дзевяностыя” Целагрэйкін не быў анёлам. 

“З усіх курсантаў яго выпуску з Акадэміі МУС праз год ужо 8 былі за кратамі. З усіх, хто тады вучыўся (180 чалавек), цяпер у органах працуе чалавек 5. І яны, па сутнасці, нарабілі куды больш, чым у свой час Аляксандр”, — перадае Дзяніс тое, што чуў ад Целагрэйкіна. Момант з крымінальнай справай і калоніяй ён таксама пацвярджае.

Але пры гэтым адзначае, што пасля вызвалення у Аляксандра было працяглае і насычанае жыццё.

Як сказана на старонцы блогера ў сацсетцы, ён скончыў Дзяржаўны ўніверсітэт марскога і рачнога права ў Пецярбургу. А пасля працаваў у гэтым жа горадзе выкладчыкам Цэнтра марскога права. Гэта расійская арганізацыя, дзе вучаць кіраванню яхтай ці кацерам і аказваюць юрыдычныя паслугі ў галіне марскога права.

У інтэрв’ю Еўрарадыё Васіль Целагрэйкін расказаў, што пачаў выкладваць ролікі з удзелам інспектараў ДАІ, калі тыя яго несправядліва пакрыўдзілі.

Пры гэтым блогер кажа, што развярнуў дзейнасць, каб станоўчым чынам паўплываць на Дзяржаўтаінспекцыю, дзе хапае непрафесійных ці непрыстойных супрацоўнікаў.  Ён лічыць, што праект “Васіль Целагрэйкін” выконвае ролю рэвізораў ад грамадзянскай супольнасці. А некаторых паслядоўнікаў, якія без лішняй патрэбы ідуць на канфлікт з ДАІ і здымаюць гэта на відэа, Целагрэйкін крытыкуе.

Ад крыніцы з Дзяржаўтаінспекцыі Еўрарадыё даведалася, што ў ведамстве пільна сочаць за ролікамі блогера і занатоўваюць прабелы, якія выяўляе Целагрэйкін. Тым не менш, і міліцыя аб’явіла блогеру інфармацыйную вайну.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі