Беларусь больш не шукае Керымава праз Інтэрпол

Пра гэта 2 красавіка паведаміў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. "Керымаў знаходзіцца ў юрысдыкцыі Расійскай федэрацыі, і яго пераслед таксама знаходзіцца ў юрысдыкцыі Расіі", — перадае interfax.by словы Шуневіча.



Кіраўнік МУС дадаў, што з ініцыятывы беларускага боку таксама зняты запыт у Інтэрпол на вышук былога дырэктара "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера.



Генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк паведаміў, што да фігурантаў "калійнай справы" будуць выстаўленыя пазовы аб кампенсацыі шкоды, у тым ліку і ў расійскі суд. Ён распавёў, што распачата каля 15 крымінальных спраў. Пры гэтым Канюк не ўдакладніў суму пазоваў, але сказаў, што яна будзе не менш за 100 млн долараў.



Нагадаем, што "калійны скандал" стаў асноўнай тэмай у беларуска-расійскіх адносінах увосень мінулага года. Беларускі бок затрымаў гендырэктара "Уралкалія" і кіраўніка назіральнага савета "Беларускай калійнай кампаніі" Баўмгертнер і абвінаваціў у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.



Акцыянер "Уралкалія" Сулейман Керымаў неўзабаве пасля затрымання Баўмгертнера стаў абвінавачаным па крымінальнай справе ў дачыненні да службовых асоб БКК. Яго вінавацілі ў арганізацыі злоўжывання ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.



Фота — olligator.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі