Вы тут

Белага вераб’я заўважылі ў цэнтры Мінска (фота, відэа)

ptushki.org

На праспекце Пераможцаў у Мінску 7 жніўня заўважылі незвычайнага белага вераб'я. Гэта адбылося каля будынку Galleria Minsk, паведамляецца на сайце грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ). 

Незвычайная птушка трапілася на вочы мастачцы-дызайнеру выдавецтва “РЫФТУР ПРЫНТ” Ліі Карчажынскай. 

"7 жніўня я спяшалася заказваць столік у рэстаране — у мамы быў юбілей — і хацела заадно пашукаць пару цікавых травінак для смешнага відэа з сабакам. Раптам звярнула ўвагу, што птушкі пачалі верашчаць, глянула — і пабачыла як быццам белага вераб’я. Падкралася, каб лепш разгледзець, давялося нават праз клумбу лазіць. Сапраўды, гэта быў белы верабей! Дастала хуценька свой тэлефон і пачала здымаць. Радасці было шмат! Калі я вярталася назад праз 40 хвілін, чародка была на тым жа месцы. Чарада яго не гнала. Яны ляцелі да Палаца спорту, калі іх ганялі вароны, але потым вярталіся назад”, — распавядае Лія Карчажынская.

Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі адзначае, што шаворка ідзе не пра альбіноса, а пра іншую мутацыю ў птушак. 

"Апошні раз белага вераб’я ў Мінску бачылі каля кінатэатра “Кастрычнік” гадоў 15 таму! Гэта не альбінос. У тых меланін (галоўны пігмент, які надае птушкам цёмны колер) увогуле не выпрацоўваецца, і вока ў жывёл чырвонае ад крыві. Акрамя альбінізма ёсць іншая генетычная мутацыя, якая выклікае лейцызм (λευκός — "белы" з грэчаскай). У птушак-лейцыстаў меланін выпрацоўваецца і вока цёмнае, але ён не трапляе чамусьці ў пёры. Вароны ці каўкі з адзінкавымі белымі пёрамі трапляюцца дастаткова часта. Узімку каля Палаца спорту я нават бачыў адну варону з белымі крыламі. А вось поўныя лейцысты бываюць рэдка. Калі верабей дажыве да зімы, то сярод снягоў ён атрымае перавагу перад суродзічамі", — удакладняе спецыяліст. 

ptushki.org