Be2gether: апалітычны фэст з добрай арганізацыяй, музыкай і забавамі

Чацвёрты год запар беларусы наведалі бліжэйшую феcтывальную пляцоўку лета — літоўскае мястэчка Нарвілішкі, дзе на мінулых выходных адгрымеў фестываль Be2gether. Каля муроў Нарвілішскага замку сабраліся тысячы гледачоў і сотні музыкантаў, каб стаць удзельнікамі трохдзённага марафону. Па-ранейшаму на фестывалі працавалі 2 галоўныя сцэны — "Замкавая" і "Вялікая", а таксама клубная сцэна "Zip FM" і сцэна з электроннай музыкай. Выступы на галоўных сцэнах выгодна чаргаваліся для таго, каб гледачы спакойна маглі пераходзіць  ад пляцоўкі да пляцоўкі.


"Замкавая" сцэна


"Вялікая" сцэна

Адкрыў фестываль пятнічным вечарам новы праект гітарыста Green Day —  інтэрнацыянальны гурт Nofacez і гурт Piranha. За імі адыгралі беларусы CherryVata і Лявон Вольскі з праектам "Белая яблыня грому". "На ўра" прынялі на фестывалі чароўных датчан WhoMadeWho, літоўцаў  Skamp і цацачных  нарвежцаў Casiokids. Што тычыцца галоўных хэдлайнераў першага фестывальнага дня — Empire Of The Sun  — хоць аўстралійскі гурт і сабраў перад сцэнай значны натоўп, вялікага энтузіязму яскравае шоў "Імперыі сонца" не выклікала і выглядала крыху аднастайным .


Лявон Вольскі


WhoMadeWho


Skamp


Casiokids


Empire Of The Sun

Сэт Empire Of The Sun  быў вельмі падобны на бразільскі карнавал і міфічн
ыя рытуальныя пляскі адначасова. Дарэчы, магчыма, менавіта ўдзел у фестывалі "Імперыі сонца" прынёс сёлетняму "Be2gether" тры цалкам сонечныя дні і амаль супаў з днём летняга сонцастаяння.

Багатым на новыя імёны сучаснай літоўскай сцэны стаў другі фестывальны дзень: сталічныя BrassBastardz з выдатнай вакалісткай і унікальнымі мелодыямі, электра-рок-гурт з Каўнаса Happyendless і, вядома ж, самая перспектыўная літоўская спявачка і сапраўдны самародак — Аліна Арлова. Спявачка — часты госць маскоўскіх і піцерскіх клубаў, таму добра вядомая расійскім меламанам, а вось большасць беларусаў бачыла яе выступ упершыню.


BrassBastardz


Happyendless

Аліна Арлова прадставіла публіцы новую праграму, аздобленую відэашэрагам ад мастака Рудольфа Левуліса. Яна спявае на літоўскай, рускай і англійскай мовах і грае на фартэпіяна. Выступ юнай дзівы быў кранальным, і сапраўды ні на што не падобным.  Відэа гарманічна змешвалася з музыкай, а сумныя і пранізлівыя тэксты яе песень не здаваліся такімі ўжо дзіўнымі. Песні Аліны Арловай па-свойму незалежныя і адначасова вельмі знаёмыя і родныя кожнаму, можа таму на вачах гледачоў выступілі… слёзы. Амаль усе прысутныя глядзелі выступ спявачкі, лежачы на траве.


Аліна Арлова

Пляцоўка трохі нагадвала апошнюю сцэну з фільма "Парфюмер" — усе абдымаліся, плакалі ці ўсміхаліся, але адно дакладна — незацікаўленых выступам Аліны Арловай не было. Канцэрт-спектакль праляцеў на адным дыханні, а мы тым часам падлічылі, што песні літоўскай дзівы ў сярэднім гучаць па 2 хвіліны.



Нават самыя скептычныя наведвальнікі фэста сёлета змаглі знайсці музыку на свой густ. Акрамя нацыянальных зорак ды электра-рок-поп-джаз выканаўцаў, падчас другога фестывальнага дня выступілі ўкраінскія казакі "Гайдамакі" і  расійскія панкі "Рубль", што, як казалі многія, "сведчыць аб "ідэалагічнай" незалежнасці галоўнага арганізатара фэста, літоўскага бізнесоўца Гедруса Клімкявічуса".


"Гайдамакі"


"Рубль"


Гедрус Клімкявічус

 За імі на "Замкавай сцэне" прагрымелі "грэміносныя" хіп-хоперы Roots Manuva.  Але ўсё ж такі большасць прысутных у гэты вечар чакала выступу самых тытулаваных  хэдлайнераў фестывалю — брытанскіх альтэрнатыўшчыкаў Skunk Anansie на чале з цёмнаскурай лысай вакалісткай Скін.


Roots Manuva


Skunk Anansie


Шоў, якое доўжылася паўтары гадзіны, сабрала самую вялікую колькасць гледачаў і абсалютна пераканала  прысутных — паўза даўжынёй у 9 гадоў, здаецца, "Сканцы" пайшла на карысць. Падчас бездакорнага і  якаснага выступу харызматычныя брытанцы выканалі свае вядомыя хіты "Weak", "You’ll Follow Me Down""Weep" ды шмат іншых, а таксама прэзентавалі некалькі новых песень.


Skunk Anansie

Скін распавяла са сцэны пра падрыхтоўку новага альбома, які выйдзе ў верасні, шмат разоў спускалася да гледачоў, забіралася ў натоўп і дазволіла шчаслівым фанатам пагушкаць сябе на руках.

"It’s fine ti be back!"  — увесь час паўтарала спявачка. Пасля асноўнага сэту, гурт сышоў на некаторы час, каб пасля зноў з’явіцца пад гучныя авацыі публікі з адной са сваіх самых вядомых кампазіцый —  "Hedonism". 

Да двух асноўных дзён фестывалю сёлета дадаўся паўнавартасны трэці. Гэтым разам фестывальная нядзеля праходзіла ў межах акцыі "Рок-маршы" і была прысвечана 20-годдзю незалежнасці Літвы. На фестывальных сцэнах выступалі толькі літоўскія гурты, уключаючы такіх зорак як  Žas, Inculto, Bix, Keistuoliai, Antis, а для саміх літоўцаў уваход на фестываль быў бясплатным.   
 
Можна называць зорак "Be2gether" псеўдахэдлайнерамі і а сам фестываль у пэўным сэнсе "хатнім", але не заўважыць, што арганізатары рухаюцца ў слушным накірунку, немагчыма. Актыўна развіваецца інфраструктура фестывалю. Нездарма "Be2gether" назыаюць фестывалем музыкі і мастацтваў. Гледачы, якія хацелі "адпачыць" ад музыкальных сэтаў, маглі паіграць у басабол, футбол, пабудаваць горад з цэглы, стаць удзельнікамі спектакляў і фаершоў, займацца ёгай і спяваць крышнаістскія мантры, танчыць капуэйру, пабрацца шлюбам, папарыцца ў лазні і прыняць гразевыя ванны.





Да таго ж, як і ў мінулыя гады, "Be2gether" прапаноўвае самую розную ежу. У адрозненне ад звычайных шашлыкоў і бутэрбродаў, якімі звычнайна кормяць беларускія опэн-эйры, на "Be2gether" можна было пакаштаваць як сапраўдныя літоўскія стравы, так, напрыклад, і індыйскае брыяні, вегетарыянскі наан ці тайскія нудэлсы. А таксама самую розную гарбату, каву, піва (у гэтым годзе пераважна Тубарг) і салодкія прысмакі. Усё гэта па вельмі дэмакратычных коштах.



Нельга чарговы раз не адзначыць і прадуманасць кожнай дробязі ў арганізацыі бяспекі гасцей фэста. Тое, што адразу кідаецца ў вочы — адсутнасць на ўваходзе металадэтэктараў і абшукванняў, чэргаў і АМАПА. За тры дні фестывалю можна было сустрэць паліцэйскія патрулі  ўсяго некалькі разоў і тое — перважна ўначы. Максімум 5 ахоўнікаў каля кожнай сцэны, па 2 чалавекі — на кожным з уваходаў у актыўную зону. Усе астатнія — валанцёры, якія дапамагалі разабрацца з паркоўкай, мянялі ўваходныя квіткі на бранзалеты, дзяжурылі ў намётавым гарадку і рабілі ўсё, каб вы не адчувалі ніякага дыскамфорту.

Цікава, што па вяртанні ў Беларусь, на беларуска-літоўскай мяжы, адзін з  памежнікаў прыняўся з цікаўнасцю распытваць журналістаў пра фэст: "А хто быў спонсарам фестывалю з літоўскага боку? Я ведаю, напрыклад, што фестываль падтрымала датская півавараная кампанія”. Мы паціснулі плячыма і адказалі, што не ведаем аніводнай маркі датскага піва. А памежнік нахіліўся яшчэ бліжэй і ціхенька спытаў: "А сцягоў бела-чырвона-белых шмат было? Ці  сапраўды фэст такі ўжо апалітычны, як кажуць?"



Адказалі, што дарма турбуюцца беларускія ідэалагічныя службы. Наведвальнікі фестывалю добра ведаеюць, што "Be2gether" ніколі не быў падобным на канцэрты на Бангалоры ці на польскае Басовішча. Гэта перш за ўсё музычны фестываль і, нягледзячы на прысутнасць шматлікіх гасцей-дыпламатаў, пра палітыку са сцэны ніхто не ўзгадваў.

Па папярэдніх падліках ,Be2gether-2010 наведала каля 10 тысяч чалавек. Пакуль цяжка планаваць будучыню фестывалю. Бо, як у мінулым годзе заўважыў Гедрус Клімкявічус, калі колькасць наведвальнікаў фэсту не будзе расці, абяцаць, што фэст будзе праходзіць і далей, пакуль цяжка. Пакуль жа арганізатары думаюць пазітыўна і рыхтуюцца адзначыць першы маленькі "юбілей" фэсту — 5 гадоў.







У хуткім часе на старонцы Еўрарадыё чакайце інтэрвью са стыльнымі літоўскімі музыкантамі BrassBastardz і чароўнай Алінай Арловай.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі