Вы тут

"БЧБ не насіць": МЗС Германіі дае парады турыстам, якія едуць у Беларусь

З пачатку кастрычніка нямецкія эпідэміёлагі аднеслі Беларусь да краін з высокай рызыкай заражэння COVID-19 / БЕЛТА​

МЗС Германіі не рэкамендуе турыстам наведваць Беларусь з прычыны высокай рызыкі заражэння каранавірусам. А тым, хто прыехаў, — не насіць бел-чырвона-белую-вопратку, паведамляе БелаПАН са спасылкай на абноўленыя рэкамендацыі падарожнікам.

З 3 кастрычніка берлінскі Інстытут Роберта Коха аднёс Беларусь да краін з высокай рызыкай заражэння COVID-19.

"Беларусь вельмі пацярпела ад COVID-19. Назіраецца выразная тэндэнцыя росту інфекцыйнай актыўнасці; сістэма аховы здароўя адчувае ўсё большую нагрузку", — гаворыцца ў рэкамендацыях МЗС ФРГ.

Турыстам, якія ўсё ж такі рызыкнуць паехаць у Беларусь, нямецкія чыноўнікі раяць пазбягаць месцаў правядзення дэманстрацый або вялікай колькасці людзей, а таксама не насіць вопратку чырвона-белых колераў. Гэтыя колеры могуць быць расцэненыя як "знак апазіцыйнасці". Акрамя таго, нямецкае МЗС рэкамендуе праяўляць асаблівую пільнасць, "каб пазбегнуць канфліктных сітуацый з сілавікамі".

Днямі стала вядома, што ў Беларусі зарэгістраваны новы штам каранавіруса — "дэльта лайт". Ён адрозніваецца тым, што распаўсюджваецца хутчэй за папярэднія. У апошні месяц у Беларусі істотна вырасла захворвальнасць каранавіруснай інфекцыяй. Пад хворых на COVID-19 у Беларусі перапрафіляваныя 32 тысячы бальнічных ложкаў (гэта траціна ад усяго ложкавага фонду). Міністр аховы здароўя краіны Дзмітрый Піневіч на мінулым тыдні казаў, што "эпідэмічная сітуацыя з'яўляецца досыць сур'ёзнай... яна пакуль, на жаль, не спрашчаецца".

Аднак на гэтым фоне з 22 кастрычніка ў краіне быў адменены абавязковы масачны рэжым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.