Байдэн выступіў з заявай па Афганістане

Джо Байдэн патлумачыў, чаму ЗША вывелі войскі з Афганістана​ / Reuters 
Джо Байдэн патлумачыў, чаму ЗША вывелі войскі з Афганістана​ / Reuters 

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пракаментаваў сітуацыю ў Афганістане, дзе пасля абвяшчэння аб вывадзе амерыканскіх войскаў да ўлады прыйшлі ісламісты.

Уладу захапіў радыкальны рух "Талібан". У нядзелю талібы занялі Кабул, прэзідэнт Афганістана Ашраф Гані вымушаны быў пакінуць краіну.

Байдэн нагадаў, што ЗША "адправіліся ў Афганістан амаль 20 гадоў таму з выразнымі мэтамі — знайсці тых, хто напаў на нас 11 верасня 2001 года, а таксама зрабіць так, каб "Аль-Каіда" не магла выкарыстоўваць Афганістан у якасці базы для нападу на нас зноў". Паводле яго слоў, гэтая мэта дасягнутая. Быў знішчаны кіраўнік тэрарыстаў Усама бен Ладэн, а сама "Аль-Каіда" аслаблена.

Байдэн таксама падкрэсліў, што ў ЗША не было мэты будаваць у Афганістане дэмакратычную дзяржаву.

"Ніколі не меркавалася, што мы будзем ствараць адзіную цэнтралізаваную дэмакратыю. Наш адзіны жыццёва важны нацыянальны інтарэс у Афганістане застаецца сёння такім, якім ён быў заўсёды —прадухіленне тэрарыстычнай атакі на Амерыку", — заявіў Джо Байдэн.

Байден выступил с заявлением по Афганистану
Жанчыны з дзецьмі ля аэрапорта Кабула ў надзеі з'ехаць з краіны пасля прыходу талібаў / Reuters

Амерыканскі прэзідэнт таксама казаў пра тое, што ЗША дапамагалі былому ўраду Афганістана, але мясцовыя чыноўнікі не змаглі ўтрымаць сітуацыю. Пасля сыходу амерыканскіх войскаў прадстаўнікі ўраду збеглі. Хоць, па словах Байдэна, ён казаў афганскаму прэзідэнту Ашрафу Ганіму аб неабходнасці змагацца, у тым ліку і з карупцыяй, але "нічога з гэтага яны зрабіць не змаглі". Са слоў Байдэна, вайскоўцы ЗША не павінны гінуць на вайне, якую не хочуць весці мясцовыя сілы.

Калі эвакуацыя скончыцца, амерыканскія войскі будуць цалкам вывезеныя з Афганістана. Амерыканскім вайскоўцам, адзначыў Байдэн, трэба засяродзіцца на іншых пагрозах, з якімі ЗША "сутыкаюцца сёння, у 2021 годзе, а не на ўчорашніх пагрозах". Гэта "Аш-Шабаб "у Самалі," Аль-Каіда на Аравійскім паўвостраве", "Джэбхат ан-Нусра" ў Сірыі, ІД, якая спрабуе стварыць халіфат у Сірыі і Іраку, а таксама ячэйкі ў многіх краінах Афрыкі і Азіі.

"Гэтыя пагрозы патрабуюць нашай увагі і нашых рэсурсаў",  — заявіў Байдэн.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі