Байдэн: калі Расія нападзе на Украіну, мы будзем абараняць свабоду

Байдэн: калі Расія нападзе на Украіну, мы будзем абараняць свабоду

ЗША гатовыя надалей вырашыць супярэчнасці з Расіяй дыпламатычным шляхам. Але калі Расія нападзе на Украіну, яе чакае рашучы і жорсткі адказ. Пра гэта 15 лютага заявіў прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн.

"Мы гатовыя весці дыпламатычную працу ў Расіі, гатовыя працаваць з партнёрамі і саюзнікамі для паляпшэння бяспекі ў Еўропе і гатовыя рашуча адрэагаваць на расійскае ўварванне ва Украіну. Што мы і дэманструем апошнія тыдні і месяцы", — падкрэсліў Байдэн.

Прэзідэнт ЗША паведаміў, што па выніках размовы з Пуціным напярэдадні яны дамовіліся працягваць дыпламатычныя перамовы, каб дасягнуць ўзаемаразумення паміж ЗША, Расіяй і Еўропай. Пры гэтым ён дадаў, што ЗША не будуць ахвяраваць сваімі прынцыпамі: "Любая краіна мае права на суверэннасць, тэрытарыяльную цэласнасць і права выбіраць свой шлях развіцця, выбіраць, як будаваць адносіны з той ці іншай дзяржавай".

Расійскія войскі, як падкрэсліў Байдэн, па-ранейшаму пагражаюць Украіне: уздоўж яе межаў размяшчаюцца 150 тысяч расійскіх вайскоўцаў. Пагроза расійскага ўварвання ва Украіну застаецца. І менавіта гэтым тлумачыцца прапанова амерыканскім грамадзянам пакінуць тэрыторыю Украіны. А амерыканская амбасада часова пераведзеная з Кіева ў Львоў.

Байдэн заявіў, што Расіі ніхто не пагражае: "ЗША не з'яўляюцца пагрозай Расіі, Украіна не з'яўляецца пагрозай. У нас няма планаў размяшчаць ракетнае ўзбраенне ва Украіне. Рускі народ не з'яўляецца мішэнню для нас. А грамадзянам Расіі я хачу сказаць: вы не з'яўляецеся нашымі ворагамі. І я не думаю, што вы хацелі б праводзіць кровапралітную, разбуральную вайну з Украінай"

Ён нагадаў, што амерыканцы і рускія змагаліся поруч у Другой сусветнай вайне. У той вайне, па словах Байдэна, Штаты ўдзельнічалі па неабходнасці. "Але калі Расія нападзе на Украіну — гэта будзе вайна, у якой мы будзем удзельнічаць па ўласным выбары", — падкрэсліў ён.

Амерыканскі прэзідэнт падкрэсліў, што ў выпадку эскалацыі сітуацыі Расію чакае рашучы адпор і новыя санкцыі, у тым ліку супраць "Паўночнага патоку — 2". Байдэн паабяцаў, што Штаты дадуць сур'ёзны адказ не толькі на ўдар па Украіне, але і на кібератакі ды іншыя спосабы вядзення вайны.

Ён яшчэ раз падкрэсліў, што супярэчнасці лепш вырашаць дыпламатычным шляхам. "Але не сумнявайцеся, калі Расія зробіць гэтую памылку і нападзе на Украіну, адказныя дзяржавы не будуць вагацца ў сваім адказе. Мы будзем абараняць свабоду. І гатовыя заплаціць любую цану", — заявіў прэзідэнт ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі