Вы тут

БАТЭ хоча спагнаць 5 тысяч еўра з хлопца, які выбег на поле са сцягам

Фота: Еўрарадыё

Штраф на 5 тысяч еўра, які футбольны клуб БАТЭ атрымаў за тое, што падчас гульні Лігі Еўропы з лонданскім “Арсеналам” на поле выбег заўзятар са сцягам, можа заплаціць сам парушальнік. Кіраўніцтва клуба прыняло рашэнне падаць рэгрэсны іск на Аляксандра Венгерскага (гэта ён выбег на поле з бел-чырвона-белым сцягам падчас гульні, быў затрыманы і адбыў адміністрацыйны арышт). Такое рашэнне клуб прыняў, каб спыніць падобную практыку ў будучым. Пра гэта Еўрарадыё распавёў прэс-аташэ клуба Сяргей Дашкевіч.

Дашкевіч: “Такая негатыўная тэндэнцыя ўжо пачалася. Цяпер гулялі з “Нафтанам” і таксама заўзятар выбег. Няма розніцы са сцягам ён выбягае ці не. З пункту гледжання бяспекі падчас матчу гэтага нельга рабіць”.

У гісторыі клуба ўжо быў адзін такі рэгрэсны іск да заўзятараў, але тады клуб усё ж сам заплаціў штраф. Кіраўніцтва пайшло на сустрач заўзятарам ужо на этапе выканання судовага рашэння. Цяпер ФК БАТЭ збіраецца ў выпадку станоўчага рашэння суда пералічыць грошы на дабрачыннасць.