БАТЭ атрымае чэмпіёнскі кубак 8 лістапада

Барысаўскі БАТЭ, які датэрмінова стаў чэмпіёнам Беларусі па футболе, атрымае кубак 8 лістапада пасля матчу заключнага тура супраць “Гомеля”.

У Барысаў кубак прывязе старшыня Федэрацыі футбола Генадзь Нявыглас, інфармуе сайт “Беларускія навіны”.

8 лістапада таксама вырашацца апошнія інтрыгі гэтага чэмпіянату. Будзе названы бронзавы прызёр і трэцяя каманда, якая пакіне вышэйшую лігу.

Золата і срэбра, датэрмінова заваявалі БАТЭ і мінскае “Дынама”. На бронзу прэтэндуюць магілёўскае “Дняпро”, наваполацкі “Нафтан” і салігорскі “Шахцёр”. Прычым калі апошнія дзве каманды будуць гуляць з аўтсайдэрамі (адпаведна брэсцкім “Дынама” і мікашэвіцкім “Гранітам”), то магілёўцаў чакае дома мінскае “Дынама”.

За права застацца ў вышэйшай лізе пазмагаюцца МТЗ-РІПА, “Гомель” і “Віцебск”. Трактаразаводцы адправяцца ў госці да віцяблянаў, а “Гомель” чакае гульня ў Барысаве. Нагадаем, “Граніт” і “Смаргонь” датэрмінова пакінулі вышэйшую лігу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі