Барані сваіх!

Мілінкевіч разам з Маладым Фронтам створыць арганізацыю па абароне грамадскіх актывістаў, якім пагражае зняволенне

За апошнія паўгода па артыкуле за дзеянні ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” было асуджана болей за 45 чалавек. Апазіцыйныя сілы вырашылі пачаць бараніць сваіх паплечнікаў. Займацца гэтым будзе адмысловы аргкамітэт, першае паседжанне якога прызначана на вечар 16 жніўня. Мяркуецца, што ўзначаліць новы рух былы адзіны лідар апазіцыйных сілаў Аляксандр Мілінкевіч. Як паведаміў Еўрарадыё былы кандыдат у прэзідэнты, новая арганізацыя ствараецца дзеля таго, каб абараніць грамадскіх актывістаў ад свавольства ўладаў:


“Для нас вельмі важна затармазіць, прыпыніць тое, што робіць дзяржава. Мы не павінны дазваляць ёй судзіць моладзь у 16 год за тое, што яны актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці краіны. Да гэтай справы будзем далучаць і ўнутраныя сілы, і вонкавы ціск таксама”.


Па словах Змітра Хведарука, аднаго з лідэраў незарэгістраванага грамадскага аб’яднання “Малады Фронт”, асноўным лейматывам новай арганізацыі будзе салідарнасць з маладымі людзьмі, якія неабыякава ставяцца да ўнутраных працэсаў Беларусі:


“Самае галоўнае, што мы хочам сказаць гэтым крокам, гэта тое, што салідарнасць трэба выказваць не толькі маладафронтаўцам, але і ўсім людзям, якія выказваюцца на карысць прыхільнасці дэмакратыі. Калі мы не можам адстаяць свабоду ў поўным сэнсе гэтага слова, то трэба пачынаць з маленькага – пачаць адстойваць сваіх сяброў, каб іх не садзілі ў турмы”.


Прыкладна месяц таму па краіне пракацілася хваля салідарнасці з чатырма падсуднымі, якіх абвінавачвалі ў незаконнай дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”. Тады справа скончылася штрафамі. Гэты выпадак і прыводзіць за прыклад сапраўднай працы салідарнасці Аляксандр Мілінкевіч:


“Чаго больш за ўсё баіцца ўлада? Інфармацыі і салідарнасці! Таму мы павінны як мага больш інфармаваць аб тым, што адбываецца ўнутры нашае краіны. І салідарнасць унутраная і салідарнасць знешняя. Калі мы падчас мінулага суда над маладафронтаўцамі звярталіся ва ўсе інстанцыі еўрапейскіх структураў... Звярталіся да прадстаўнікоў прэсы – прэса нам дапамагала. Месяц таму сапраўды ўдалося прыпыніць тое, што планавалася пасадзіць чацвярых маладафронтаўцаў. Са Змітром Дашкевічам нам такое не ўдалося, таму зараз як ніколі трэба змагацца!”


Ці будзе працаваць новае палітычнае ўтварэнне – пакажа час, а пакуль суда па той жа справе чакаюць Іван Шыла з Салігорску, Яраслаў Грышчэня з Баранавічаў і Наста Азарка з Нясвіжу, судовыя працэсы над якімі адбудуцца на пачатку верасня...

Фота — www.nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі