Банкі падымаюць стаўку па крэдытах да 85%, дзяржава дае льготнікам пад 5%

“З сённяшняга дня умовы змяніліся, стаўка вырасла з 40 да 68%, калі ў вас станоўчая крэдытная гісторыя, і да 72%, калі не станоўчая”, — агучваюць у "Парытэтбанку" новыя ўмовы крэдытавання.

І гэта не мяжа! "Хоўм крэдыт банк" цяпер дае грошы пад 84% гадавых для новых кліентаў. А таксама 7% ад сумы трэба заплаціць банку, каб атрымаць у касе наяўныя. Спрабуем узяць грошы на такіх умовах.

“Агульная сума крэдыту — 16 мільёнаў 880 тысяч. Вы пераплаціце амаль 7 мільёнаў”, — прапануюць у банку.

У "БТА-банку" прапануюць пачакаць да панядзелка, калі звяртаюся па крэдыт як фізічная асоба. Бо ў панядзелак з’явяцца новыя ўмовы і новая стаўка па працэнтах. Раней тут давалі грошы пад 40% гадавых.

"Дельта-банк", які раней прапаноўваў “выдатныя наяўныя” пад 19,9% гадавых наогул перапыняе крэдытаванне. Нават  стаўка ў 160% гадавых, калі адмаўляешся ад страхоўкі па гэтым крэдыце, не выратавала.

А "Беларусбанк" працягвае выдаваць ільготныя крэдыты на жыллё пад 5% і 12,5%.(Гэтая норма прапісаная ва ўказе прэзідэнта: 20% ад стаўкі рэфінансавання і 50% ад стаўкі рэфінансавання).

“Нічога не спынялася, абмежавання не было. Гэта ж фінансаванне, якое нам выдзяляе міністэрства фінансаў. Мы тут толькі праваднікі”, — апісваюць у дзяржаўным банку. Пры гэтым амаль усе прыватныя банкі прыпынілі крэдытаванне нерухомасці.

А на льготныя крэдыты дзяржавы, напрыклад, маюць права шматдзетныя сем’і, суддзі, пракурорскія работнікі ды іншыя катэгорыі, прапісаныя ў прэзідэнцкім указе N 13.

Стаўкі па крэдытах у хуткім часе не панізяцца, прагназуе Наталля Хоміч, кіраўнік службы фінансавай аналітыкі infobank.by:

“Працэнтныя стаўкі растуць, бо падрасла стаўка рэфінансавання. Як доўга будзе гэтая тэндэнцыя трымацца, рана казаць. Нейкіх абмежаванняў па росце працэнтных ставак няма. А "Беларусбанк" крэдытуе льготнікаў у абавязковым парадку. А сваё крэдытаванне нерухомасці яны перапынілі. У іх засталася адна праграма і адна праграма — у "Белаграпрамбанку" да нядаўняга часу”.

Цяпер працэнтныя стаўкі па крэдытах для фізічных асоб ад 63% гадавых да 85%. Каля дзясятка банкаў пакуль прыпынілі крэдытаванне для фізічных асоб.

Нагадаем, сёння Нацбанк адмяніў збор пры набыцці валюты. Пасля гэтага прыватныя банкі выставілі курс 14300 за долар.

Фота: ktovkurse.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі