Вы тут

"Балюча, але не смяротна": колькі "Беларуськалій" страціць ад сыходу Yara

Пакупкі Yara нашмат большыя, чым экспарт у Нарвегію / Еўрарадыё

Спыненне працы Yara з Беларуссю не стане катастрофай для "Беларуськалія". Аднак прадпрыемству давядзецца знайсці пакупнікоў для больш чым дзясятай часткі сваёй прадукцыі.

Да 1 красавіка нарвежская кампанія Yara абяцае спыніць закупку калійных угнаенняў у Беларусі. Еўрарадыё палічыла, наколькі значнае гэтае супрацоўніцтва для беларускага боку, і даведалася, як "Беларуськалій" можа спрабаваць знізіць страты.

 

Выпадае больш за дзясятую частку заробку "Беларуськалія"

У 2020 годзе ў Нарвегію экспартавана хларыду калію на 74,2 млн долараў, паведамляе Белстат. Гэтая краіна стала сёмым па велічыні пакупніком беларускага калію. Усё ж у адсоткавых суадносінах доля Нарвегіі невялікая — усяго 3% у вартасным выражэнні. І 3,1% у фізічным выражэнні.

Азіяцкія рынкі могуць замяніць пакупкі Yara / Еўрарадыё

Yara — гэта значна больш, чым нарвежскі рынак. Паводле звестак старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, летась Беларусь прадала больш за 11 млн тон калію. З іх каля 1,3 млн тон купіла Yara, гэта значыць 11–12%. Потым беларускі калій пайшоў у розныя краіны свету.

Паколькі звесткі пра тое, колькі Беларусь зарабіла на продажы калійных угнаенняў у 2021 годзе, закрытыя, а ўмовы кантрактаў невядомыя, падлікі выпадальных даходаў ад сыходу Yara могуць быць толькі прыблізнымі. Калі адштурхоўвацца ад звестак 2020 года, то 11–12%, закупленых Yara, — гэта ад $265 млн да $289 млн за год.

Для "Беларуськалія" гэта значныя сумы, але не крытычныя, лічаць эксперты. У "Беларуськалія" можа атрымацца перанакіраваць экспарт у іншыя краіны.

— Будзе балюча, але не смяротна. Трэба глядзець на азіяцкія рынкі. Вельмі імаверна, што выхад з гэтай сітуацыі будзе знойдзены. Трэба будзе адсочваць кантракты, якія заключаюцца з сакавіка, таму што цяпер мёртвы сезон. У лютым заключаюцца стандартныя кантракты. Сакавік — красавік трэба глядзець, дзе і з кім будзе падстрахоўвацца "Беларуськалій",кажа палітычны аналітык Ігар Тышкевіч.

— Yara працуе па ўсім свеце. Гэта сур'ёзны партнёр для "Беларуськалія". Але, паводле маіх ацэнак, сыход Yara з Беларусі не прывядзе да калапсу на "Беларуськаліі", — адзначае Аляксандр Ярашук.

 

Расія дапаможа, а Yara можа гандляваць праз даччыныя кампаніі

На думку Ігара Тышкевіча, Беларусь можа накіраваць вызваленыя аб'ёмы сыравіны не толькі найбуйнейшым пакупнікам — у Бразілію, Індыю ці Кітай. Яшчэ ёсць варыянт прадаць калій расійскаму канкурэнту "Уралхіму". Далей угнаенні могуць пастаўляцца нават Yara як расійскія.

Беларускі калій могуць прадаваць пад выглядам расійскага / Еўрарадыё

— Расія можа купляць беларускія ўгнаенні, але не па сусветных цэнах, а па ўнутрырасійскіх. Гэта значыць, цана не больш за 70-90 долараў за тону.

Гэта нашмат менш, чым цана па апошнім кантракце, пра які расказала Беларуская калійная кампанія, — пастаўкі на індыйскі рынак па цане 280 долараў за тону.

— Што да магчымасцяў "Беларуськалія", яны ёсць. Расія будзе дапамагаць без усякага сумневу сыходзіць ад наступстваў санкцый, — упэўнены Аляксандр Ярашук.

Акрамя таго, не факт, што адносіны з Yara спыняцца зусім.

— Yara дзесьці з 2013 года пачала рэструктурызаваць свой бізнес. Яна вельмі рэдка стварае філіялы, завязаныя на цэнтральным офісе. Часцей яна паглынае або выкупляе кампаніі, якія гандлююць угнаеннямі. Так Yara ператварылася ў холдынг, у які ўваходзяць некалькі самастойных юрыдычных асоб. Напрыклад, у Калумбіі гэта асобная кампанія, якая займаецца продажам угнаенняў менавіта пад сваім імем. У Бразіліі тое самае, — кажа Ігар Тышкевіч.

Магчыма, што гэтыя юрыдычныя асобы працягнуць гандляваць з Беларуссю.
 

Чаму Yara сыходзіць цяпер?

Yara не спяшалася сыходзіць з Беларусі, заяўляючы, што такім чынам зробіць большы ўнёсак у абарону работнікаў "Беларуськалія". Тут можна ўбачыць і больш прагматычныя прычыны.

Yara трэба час, каб знайсці замену "Беларуськалію" / yara.com

"Беларуськалій" — адзін з найбуйнейшых пастаўшчыкоў калійных угнаенняў у свеце. Каб адмовіцца ад яго сыравіны, трэба знайсці замену. Ігар Тышкевіч адзначае, што кантракты на рынку калійных угнаенняў звычайна заключаюцца ў пэўны час: са снежня да лютага і з траўня да жніўня. Летась Беларуская калійная кампанія паведамляла пра падпісанне новых кантрактаў у студзені.

— Адмовіцца ад кантракта Yara магла ў любы момант. А дзе ўзяць сыравіну? Большая частка сыравіны прадаецца па доўгатэрміновых кантрактах. На біржы менш. Пытанне з Yara не толькі ў тым, каб фізічна ўзяць сыравіну, але і за якую цану. Нарвежцы бяруць з істотным дысконтам.

Для Yara было зручна працягваць супрацоўніцтва да перыяду заключэння новых кантрактаў і праз цану. Бо "Беларуськалій" пастаянна абвінавачваюць у дэмпінгу.

— Ад выхаду Yara з "Беларуськалія" выйграе "Уралхім". І адна і другая кампанія можа прадаць з дысконтам, абедзве не маюць свайго флоту, то-бок Yara можа выставіць свае паслугі як нешта вельмі важнае. Для Yara было лагічна падрыхтавацца да разрыву з "Беларуськаліем", займаючыся кантрактамі з "Уралхімам", — лічыць Ігар Тышкевіч.
 

Харчовая бяспека або бізнес на крыві?

Краіны ЕС не адмаўляюцца ад усяго беларускага калію / Еўрарадыё

Аляксандр Ярашук адзначае, што сітуацыя можа змяніцца праз палітычныя рашэнні краін, якія ўвялі санкцыі супраць "Беларуськалія". Попыт і цана на ўгнаенні ў цэлым растуць. Гэта значыць, што прадукты харчавання таксама даражэюць. Калі частка беларускай сыравіны сыдзе з рынку, то гэтыя працэсы паскорацца.

— Зразумелая рэч, не будзе галадаць ні Еўропа, ні ЗША. Але тое, што краіны трэцяга свету могуць сутыкнуцца з сур'ёзнымі выклікамі, — без усякага сумневу. Якія рашэнні будуць прымацца ў сувязі з гэтым, мы не ведаем.

Сур'ёзныя праблемы ў "Беларуськалія" могуць паўстаць у тым выпадку, калі перастануць купляць калійныя ўгнаенні ў Еўропе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.