Вы тут

Балы за правапарушэнні на дарозе будуць дзейнічаць на працягу года

Фота: pixabay.com

Балы за правапарушэнні на дарозе будуць дзейнічаць на працягу года. Пра гэта начальнік аддзела забеспячэння правапрымяняльнай дзейнасці УДАІ МГБ МУС Аляксандр Занімон распавёў падчас круглага стала па абмеркаванні законапраекта "Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дарожным руху".

"Закладзена ў законапраекце, што балы дзейнічаюць на працягу года. Гэта значыць, калі вы 1 траўня здзяйсняеце правапарушэнне і атрымліваеце за яго адзін бал, то гэты бал будзе за вамі лічыцца да 1 траўня наступнага года. Калі казаць пра магчымасць зняцця балаў, то такая практыка існуе ў тых сістэмах, дзе балы назапашваюцца на працягу трох і больш гадоў ", — цытуе БЕЛТА прадстаўніка ДАІ.

Па словах Занімона, балы будуць налічвацца кіроўцу толькі ў тым выпадку, калі ёсць пастанова аб накладанні адміністрацыйнага спагнання. "Балы будуць налічвацца таму, у дачыненні да каго будзе вынесеная пастанова. Як правіла, гэта ўладальнік машыны", — патлумачыў ён.

Праваахоўнік кажа, што ў закон закладзеныя метады, каб пазбегнуць карупцыі. Тую ці іншую колькасць балаў будзе налічваць не супрацоўнік ДАІ, і таму не зможа паўплываць на іх па просьбе кіроўцы. "Пытанне карупцыйнага складніка заўсёды падымаецца, калі гаворка ідзе пра больш жорсткую адказнасць. У дачыненні да ўвядзення канфіскацыі транспартнага сродку можна было меркаваць, што падстаў для карупцыі будзе значна больш. Тым не менш гэтая норма паказала сваю эфектыўнасць", — упэўнены Занімон.