“Бацькоўская кружэлка” Алеся Камоцкага

Днямі выйшаў на CD новы альбом Алеся Камоцкага “З бацькоўскай кружэлкі”. Па словах выканаўцы, альбом складаецца з 9 вядомых песень савецкіх часоў у перакладзе на беларускую мову. Як даведалася Еўрарадыё, альбом аўтар рабіў перш за ўсё для самога сябе, а асноўнай яго канцэпцыяй з’яўляецца адсутнасць нейкай канцэпцыі.

Алесь Камоцкі: “Я не закладаў туды ніякай канцэпцыі. Проста захацеў – зрабіў. Стрэліла ў галаву – вось і ўся канцэпцыя. У мяне зараз такі пераходны ўзрост, што я апошнія гады раблю толькі тое, што хочацца. Вось я і зрабіў тое, што захацеў”.

Па яго словах, у альбом увайшлі песні, якія яшчэ з маладых гадоў заселі ў галаве і даўно сталі папулярнымі ў людзей.

Алесь Камоцкі:
“Альбом уяўляе сабой пераклад 9 даволі папулярных у свой час песень. Яны папулярныя былі за савецкім часам. Апроч двух, якія народныя рускія песні: “Шумеў камыш” і “Чорны воран”. Яны былі яшчэ раней, да савецкага часу папулярныя. Мне неяк захацеляся зрабіць тое, што ў галаве жыве неяк так падспудна і навязліва з даўніх часоў”.

Нягледзячы на гэта, кажа спявак, ён не арыентаваўся на нейкую канкрэтную аўдыторыю і рабіў пераклад і запіс гэтых песень перш за ўсё для самога сябе.

Алесь Камоцкі: “Ні на якую аўдыторыю альбом не скіраваны. Як пісаў адзін чалавек у рэцэнзіі на адну з маіх кніжак, “ствараецца ўражанне, што Камоцкі гэта ўсё піша для сябе”. Вось такое ў іх стварылася правільнае ўражанне, таму, што я і сапраўды пішу гэта для сябе. І калі гэта будзе яшчэ камусці цікава, то мне будзе тройчы і чацьвёрчы прыемна”.

За ўвесь час Алесь Камоцкі выпусціў не адзін альбом, выдаў некалькі паэтычных зборнікаў і напісаў шмат выдатных песень. Еўрарадыё пацікавілася, чаму спявак замест таго, каб пісаць далей свае песні, заняўся перакладамі песень чужых?

Алесь Камоцкі: “А навошта тады было мінулае? Проста цікава: можна адказаць на такое пытанне: “Навошта было мінулае?”

Як паведаміў Еўрарадыё Алесь Камоцкі, прэзентацыя новага альбому пройдзе 10 чэрвеня ў малой зале КЗ “Мінск”. На другі дзень пасля яго 50-га дня народзінаў. Але, кажа ён, адна падзея з другой ніяк не звязаная.

Алесь Камоцкі: “Можна было б канешне ўзгадаць тыя часы, калі было, да прыкладу, так, што да кастрычніцкіх святаў мы зробім тое, да майскіх – зробім тое. 50-я гадавіна, 60-я… Усё да гэтага робіцца. Але хоць так столькі гадоў рабілася, мяне яно не прывучыла так жыць”.

Па яго словах, канцэрт, хутчэй за ўсё, будзе называцца так, як і новы альбом. Але акрамя песень з яго ў праграме прагучыць шмат старых, вядомых і любімых слухачамі песень. У якасці ганаровага госця на канцэрце будзе прысутнічаць сябра Алеся Рыгор Барадулін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі