Бацькі загінулай Вікі Папчэні просяць не пазбаўляць волі яе настаўнікаў

Бацькі загінулай Вікі Папчэні просяць не пазбаўляць волі яе настаўнікаў

Спрэчкі і прысуд па справе аб гібелі на бульбе 13-гадовай Вікі Папчэні пройдуць у судзе Маладзечанскага раёна без удзелу яе бацькоў. Юлія і Алег Папчэня ў нядзелю, 9 ліпеня, з'язджаюць з Беларусі і плануюць вярнуцца не раней за 21 ліпеня.

У інтэрв’ю kraj.by Юлія Папчэня распавяла, што яны з мужам цяжка пераносяць гэты судовы працэс і хочуць змяніць абстаноўку. Жанчына кажа, што яны стаміліся ад увагі, у тым ліку з боку журналістаў і не жадаюць ніякіх кантактаў.

“У суд напісалі заяву, у якой хадайнічаем скончыць судовы працэс без нас. Скажу таксама: мы не хочам, каб абвінавачаных настаўнікаў пазбаўлялі свабоды і магчымасці выкладаць. Так, яны вінаватыя, але ёсць людзі, чыя віна больш значныя. Не буду называць прозвішчы. Гэтыя людзі чамусьці не знаходзяцца на лаве падсудных”, — сказала маці загінулай школьніцы.

Абвінавачванні ў неналежным выкананні абавязкаў па гарантаванні бяспекі жыцця і здароўя дзяцей, што пацягнула па неасцярожнасці смерць школьніцы, выставілі дваім настаўніцам — Ірыне Апанасевіч і Вользе Завадскай.  

Адвакаты абвінавачаных перадалі суду хадайніцтва ад працоўнага калектыву СШ №11 Маладзечна і бацькоўскага камітэта аб змякчэнні пакарання педагогам. Настаўнікі і бацькі просяць суд не пазбаўляць волі Ірыну і Вольгу, а таксама дазволіць ім працаваць на сваіх месцах. Са згоды ўсіх удзельнікаў працэсу хадайніцтвы былі далучаны да матэрыялаў крымінальнай справы.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі