Бацька Соф'і Сапегі звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі: даволі жорсткасці

Бацька Соф'і Сапегі звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі: даволі жорсткасці

Бацька затрыманай у Мінску расіянкі Соф'і Сапегі запісаў відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі. Андрэй Сапега просіць памілаваць яго дачку, перадае primamedia.ru. 

Мужчына спадзяецца, што зможа сустрэцца з Лукашэнкам падчас яго візіту ва Уладзівасток і ўгаварыць яго памілаваць дзяўчыну.

"Аляксандр Рыгоравіч, я прашу вас аб міласэрнасці. Хопіць жорсткасці, апошнім часам свет ёю перапоўнены. Любы разважны чалавек разумее, што Соф'я апынулася не ў тым месцы і не з тым чалавекам", — кажа Андрэй Сапега. 

Ён падкрэслівае, што падчас жнівеньскіх пратэстаў 2020 года яго дачка была ў Літве. Дзеянні Соф'і ён тлумачыць закаханасцю ў Рамана Пратасевіча. "І калі нешта яна і рабіла ў той перыяд — гэта дакладна гісторыя кахання, а не перакананняў. Яна дапамагала Раману ў яго працы. Аляксандр Рыгоравіч, як бацька бацьку я прашу аб асабістай сустрэчы і гатовы прывесці ўсе неабходныя гарантыі таго, што мая дачка больш не будзе прыцягнутая да супрацьпраўных дзеянняў", — дадае мужчына. 

Соф'ю Сапегу разам з блогерам Раманам Пратасевічам знялі з самалёта кампаніі Ryanair, прымусова пасаджанага ў Мінску 23 траўня. Яе вінавацяць у тым, што была адміністратаркай Telegram-канала "Чорная кніга Беларусі", дзе публікуюць персанальныя звесткі сілавікоў. За гэта ёй выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці). Таксама ёсць звесткі, што яе падазраюць паводле арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Паводле беларускіх законаў памілаванне адбывацца па асабістым хадайніцтве асуджанага. Хадайніцтвы аб памілаванні разглядаюцца толькі пасля таго, як прысуд набудзе законную моц.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі